Цуды нараджаюцца з дабрыні

Главное

IMG_5271 (Small)Навагоднія святы — незвычайны час, які абуджае надзеі, здзяйсняе мары, нясе падарункі. Адным словам, робіць нас шчаслівымі. Таму і любяць Новы год людзі незалежна ад узросту. І калі ў адных у гэтыя дні ў душы прачынаецца вера ў цуды, то ў другіх з’яўляецца жаданне зрабіць штосьці добрае для іншых.
Вось і ў вучняў СШ №1 на мінулым тыдні з’явілася магчымасць далучыцца да святочных цудаў, падзяліцца сваёй радасцю. Дзеці “прымерылі” на сабе ролі Дзеда Мароза і Снягурачкі і змаглі ажыццявіць навагоднія мары некалькіх пажылых людзей — у школе прайшла акцыя “Міласэрнасць”. Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва падказалі адрасы шасці чалавек, якіх ахінула сваім крылом хвароба, — інвалідаў, былых вязняў, адзінокіх. Аб’ядноўвае іх тое, што ўсе яны маюць патрэбу ў клопаце, а напярэдадні Новага года застаюцца адны.
Дзеці праявілі жаданне (а ў гэтым ім дапамаглі бацькі) і змаглі падарыць радасць пажылым людзям, даведаўшыся пра іх мары ад сацыяльных работнікаў. Некалькі дзён вучні збіралі сродкі, прычым пераважна ўласныя, адмаўляючы сабе ў пэўных прыемных дробязях. Потым з дапамогай дарослых былі сфарміраваны падарункі. У іх уваходзіў добры прадуктовы набор і тая рэч, пра якую марыў пажылы чалавек, але не мог сабе купіць. Напрыклад, жыццёва неабходны многім танометр.
Калі падарункі былі падрыхтаваныя, самыя актыўныя піянеры ў суправаджэнні педагогаў накіраваліся віншаваць са святам падапечных (на здымку). Далучылася да іх і аўтар гэтых радкоў. Трэба было бачыць радасць пажылых людзей, мары якіх нечакана здзейсніліся. Іх словы ўдзячнасці былі настолькі шчырымі, што на вачах мімаволі выступалі слёзы, а на душы рабілася цяплей. Акцыя дала магчымасць напярэдадні Новага года падарыць радасць тым пажылым людзям, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе і падтрымцы.
Правядзенне любой калектыўнай справы рэдка абыходзіцца без натхняльніка. Ужо доўгі час арганізатарам многіх ініцыятыў у школе з’яўляецца яе дырэктар Тамара Стома. Пры любой магчымасці яна разам з педагогамі імкнецца аказаць дапамогу тым, каму яна неабходна, сваім прыкладам прывівае вучням лепшыя чалавечыя якасці. Праўду кажуць, што цуды нараджаюцца ў добрых сэрцах, у светлых галовах, у моры бясконцага клопату і спагады. Вучні і педагогі СШ №1 стварылі свой маленькі навагодні цуд, і гэта па сіле кожнаму.

Жанна Бялько. Фота аўтара.