Белдзяржстрах побач са сваімі кліентамі

Главное

Сваё прафесіянальнае свята страхавыя работнікі адзначаюць сёлета 6 снежня. Пра сённяшнія будні калектыву прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Браслаўскім раёне, шэраг змяненняў у заканадаўстве ў сферы страхавання карэспандэнт газеты Зінаіда Палулех гутарыць з яго дырэктарам Валянцінай Турок.
— Валянціна Францаўна, з якім настроем калектыў сустракае сваё прафесіянальнае свята?
— Шчыра скажу, з добрым. Прадстаўніцтва за 10 месяцаў 2014 года забяспечыла выкананне даведзеных планавых паказчыкаў па паступленнях страхавых узносаў як у цэлым, так і па добраахвотных відах страхавання. Аб’ём паступленняў страхавых узносаў па ўсіх відах страхавання склаў 9,9 млрд руб., у тым ліку па відах добраахвотнага – 4,1 млрд руб., тэмп росту па іх склаў 131,9%.
Разам з тым заўважу, што ў раёне змяншаецца колькасць насельніцтва, пры гэтым большыя страты жыхароў назіраюцца ў сельскай мясцовасці, а гэта нашы патэнцыяльныя кліенты.
— На страхавым рынку адбыўся шэраг заканадаўчых змен. Якія найбольш значныя?
— Прыняцце ўказа №165 унясло шэраг змен у страхавое заканадаўства з 1 ліпеня бягучага года, у прыватнасці, у абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Пералік абавязковага страхавання дапоўнены мапедамі і квадрацыкламі. Дадзена таксама магчымасць аплаты страхавога ўзносу па дагаворах страхавання “Зялёная картка”, якая распаўсюджвае сваё дзеянне толькі на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі разам са свабодна канвертуемай валютай у расійскіх рублях.
Павялічаны памер страхавой выплаты пры афармленні ДТЗ без выкліку дзяржаўтаінспекцыі з 200 да 400 еўра. З 1 ліпеня, калі страхавальнік не паведаміў страхоўшчыку пра павелічэнне страхавой рызыкі ў перыяд дзеяння дагавора ўнутранага страхавання, што пацягнула недаплату страхавога ўзносу, страхоўшчык робіць пераразлік памеру ўзносу і накіроўвае страхавальніку заказным пісьмом адпаведнае паведамленне. Даплата страхавога ўзносу і аплата штрафу ажыццяўляецца на працягу 10 рабочых дзён з дня, які наступае з дня ўручэння паведамлення. Пры ўхіленні ад даплаты страхавога ўзносу і аплаты штрафу спагнанне страхоўшчыкам робіцца ў бясспрэчным парадку на падставе выканаўчага подпісу натарыуса, а пры наяўнасці спрэчкі – у судовым парадку.
Унесены таксама істотныя змены з 1 ліпеня і ў заканадаўства, якое вызначае парадак ажыццяўлення абавязковага страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. У прыватнасці, сума страхавых узносаў за кожную застрахаваную асобу павінна разлічвацца з сумы, не ніжэйшай за 60% сярэдняй заработнай платы рабочых і служачых РБ за месяц, які папярэднічаў налічэнню і прапарцыянальна адпрацаванаму часу.
Дадам яшчэ, што згодна з указам Прэзідэнта, з 1 ліпеня ўведзены два новыя віды страхавання: абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за шкоду, нанесеную дзейнасцю, што звязана з эксплуатацыяй асобных аб’ектаў; абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці перавозчыка пры перавозцы небяспечных грузаў.
— Валянціна Францаўна, а як часта звяртаюцца страхавальнікі да вас за страхавой кампенсацыяй?
— Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па нашым раёне за 10 месяцаў бягучага года выплаціла страхавую кампенсацыю на суму 5,8 млрд руб., колькасць выплат склала 1525. Важкую долю складаюць выплаты па добраахвотным страхаванні жывёл і ад няшчасных выпадкаў і захворванняў, адпаведна па 82 і 80%. Па абавязковым страхаванні сельскагаспадарчай прадукцыі выплачана сельгаспрадпрыемствам 2,8 млрд руб.
— І напярэдадні свята некалькі слоў пра калектыў і віншаванні ў яго адрас.
— Вядома, што ўсе дасягненні, якія сёння маем, на рахунку нашых працаўнікоў. Словы ўдзячнасці хачу сказаць як спецыялістам, так і агентам. Не стану называць асобныя імёны і прозвішчы, каб нікога не пакрыўдзіць. Усе працуюць шчыра, імкнуцца знайсці індывідуальны падыход да кожнага страхавальніка.
Па выніках жа работы за 2014 год абазначу Луцыю Данілаву, якая ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама, і Ірэну Пятрову, якая атрымала грамату Белдзяржстраху. Такія ўзнагароды ім уручаны за асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства.
Усім жа супрацоўнікам, ветэранам жадаю бадзёрасці духу, натхнення і творчай энергіі. Страхавальнікам хачу пажадаць, каб іх дом беды абыходзілі бокам, а калі ўсё ж адбудзецца непрадбачанае, ведайце, побач з вамі Белдзяржстрах.