Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся

Люди

IMG_6258 (Small)Валянцін Кардэль, які нарадзіўся і вырас у вёсцы Невярова, не стаў шукаць для сябе лёгкай долі. З дзяцінства любіў тэхніку, бо механізатарам у калгасе працаваў бацька. І Валянцін з задавальненнем праводзіў з ім у кабіне трактара вольны ад вучобы час. Падрос, стаў бацьку добрым памочнікам. Вучыўся рамантаваць тэхніку, пазнаваць механізмы, працаваць на зямлі. І пайшоў, як кажуць, па бацькоўскіх слядах. Вырашыў для сябе адназначна: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.
Вывучыўся на трактарыста і вось ужо не адзін дзясятак гадоў апрацоўвае зямлю. Першым яго трактарам быў Т – 150. А цяпер ён кіруе магутным МТЗ – 3022.
У дзень нашай сустрэчы ўзнімаў зябліва ва ўрочышчы Барсукі, што ў ААТ “Альшанка”.
— Сёлета надвор’е, як, бадай, ніколі, спрыяе восеньскім палявым работам, — гаворыць В. Кардэль. – Вось і напружваемся, каб узараць як мага болей. Раненька выязджаем на працу і дамоў вяртаемся, як ужо добра сцямнее.
Гэтай восенню трэба ўзняць зябліва ў “Альшанцы” на плошчы больш за 2 тысячы гектараў. Аднак пакуль гэта не ўдаецца, хоць у гаспадарцы тры трактары МТЗ – 3022 і 2 “Беларусы”, якія працуюць толькі на малаконтурных участках.
Прырода дала гэтай восенню механізатарам адзін выхадны дзень з-за замаразкаў, каб хоць крыху перавесці дух ад працы. Ад вясны і да гэтай пары яны не мелі ніводнага выхаднога.
Зімой у Валянціна будзе, вядома ж, больш вольнага часу, які ён нарэшце зможа ўдзяліць сям’і і ўласнай гаспадарцы. Больш увагі марыць удзяліць двум сынам, старэйшы з якіх Яўген працуе ў нацпарку, малодшы ж Валерый у наступным годзе заканчвае 11 клас Плюскай школы і пакуль яшчэ вызначаецца з выбарам будучай прафесіі. Дзеці, вядома ж, не пажадалі звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай, бо на прыкладзе бацькі бачаць, якая гэта нялёгкая справа.
Дома Кардалі трымаюць дастаткова вялікую гаспадарку. Яна таксама патрабуе шмат намаганняў і часу.
За шматгадовую і плённую працу механізатар ААТ “Альшанка” Валянцін Кардэль на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі атрымае сваю заслужаную ўзнагароду – Ганаровую грамату райвыканкама. І ні кіраўніцтва гаспадаркі, ні яго калегі па працы не сумняваюцца, што яна дасталася яму па праве.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.