— Цяляткі, як малыя дзеці. Яны адчуваюць, з якім настроем ты прыйшоў да их, шчыра адгукаюцца на пяшчоту. А калі захварэюць, глядзяць на цябе такімі жалобнымі вачамі, што душа заходзіцца, — з такіх слоў пачалася наша размова з даглядчыцай па дарошчванні цялят ААТ “Друйскі” Інай Рутко.
У 6 гадзін раніцы штодня, а працуе без выхадных, яна ўжо завіхаецца каля сваіх гадаванцаў. Яны заўсёды сустракаюць яе радасным мычаннем. Напачатку поіць, корміць, затым прыбірае клеткі, мяняе подсцілкі. Найбольш клопатаў, вядома ж, з маленькімі. А затым пад вечар зноў трэба пачынаць усё спачатку.
Не кожны можа вытрымаць такі напружаны распарадак дня, калі сустракаеш на ферме досвіткі і захады сонца.
На ферму Іна прыйшла не адразу. Напачатку вывучылася на кандытара. Але працаваць па гэтай прафесіі так і не давялося. У роднай вёсцы Друйск яна не была запатрабаванай. Затым уладкавалася на цагельны завод. Калі ж тагачасны старшыня калгаса Аляксандр Кіцук прапанаваў пайсці на ферму даглядчыцай, доўга не вагалася, прыняла прапанову. І ніколькі пра гэта не шкадуе вось ужо амаль 15 гадоў.
У асноўным падапечныя Іны, а іх 143 галавы, застаюцца са сваёй даглядчыцай да 3-гадовага ўзросту. І кожны раз пры расставанні ў яе аж сэрца, прызнаецца, разрываецца, у чые рукі трапяць, ці будуць пра іх клапаціцца так, як яна.
Дзякуючы старанням Іны Рутко, цяляты прыбаўляюць у вазе ў сярэднім па 600 і больш грамаў у суткі, у залежнасці ад пары года.
Пра яе працу вельмі цёпла адгукаліся дырэктар акцыянернага таварыства Аляксандр Бялюн, загадчыца фермы Ірэна Стэльмачонак. Абодва гаварылі, што гэта жанчына спаўна аддае сябе даручанай справе.
Водпуск Іна бярэ ў час сенакосу, каб назапасіць кармы для ўласнай каровы, каня ды авечак. Усе гэтыя клопаты на яе жаночых плячах, бо гаспадара ў доме няма. Але яна не скардзіцца, прывыкла ўжо цягнуць, як кажуць, гэтую лямку самастойна.
За сваю шчырую працу і адказныя да яе адносіны Іна Рутко неаднойчы атрымлівала ўзнагароды.
— Працую, як падказвае сумленне, інакш не ўмею, — гаворыць мая субяседніца. – Навошта ж тады брацца за справу, калі рабіць яе абы з рук.
І з гэтым нельга не пагадзіцца.
Тэкст і фота Зінаіды Палулех.
