Бухгалтар, эканаміст — у разуменні большасці людзей гэтыя прафесія асацыіруюцца як толькі жаночыя. І многія, калі заходзяць у бухгалтэрыю прадпрыемства ці арганізацыі, і бачыць за сталом мужчыну, лічаць гэта анахранізмам, быццам у забоі шахты ўбачылі жанчыну. А вось галоўны эканаміст КУСП «Браслаўскі» Віктар Арцімовіч прытрымліваецца супрацьлеглай думкі: «Вылічыць нормы выпрацоўкі на тую ці іншую тэхніку мужчыну значна лягчэй, бо ён, як правіла, лепш разбіраецца ў марках машын і агрэгатаў, іх тэхналагічных характарыстыках, таму яму не трэба кожны раз звяртацца да даведнікаў, што, у сваю чаргу, дазваляе больш дэталёва падысці да ацэнкі той ці іншай аперацыі. Гэта ніякі не папрок у адрас жанчын, а проста мой асабісты погляд».
Думаю, спецыяліст з 23-гадовым стажам работы на пасадзе галоўнага эканаміста мае права на такі пункт погляду на сваю прафесію. Ды і выбіраў яе, як расказваў пазней, свядома.
— Калі вучыўся ў Ахрэмаўскай васьмігадовай, а затым ў Браслаўскай сярэдняй школе, — расказваў В. Арцімовіч, – лепш за ўсё мне давалася матэматыка і іншыя прадметы дакладнага накірунку. Пасля заканчэння школы мяне на субяседаванне запрасіў тагачасны дырэктар саўгаса «Браслаўскі» Уладзімір Лакомы, які добра ведаў маіх бацькоў, і прапанаваў накіраванне на вучобу ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Я і па сённяшні дзень удзячны яму за тое. І не столькі за дапамогу ў вызначэнні з будучай прафесіяй, бо з факультэтам я, як казаў ужо вызначыўся, а за тое, што без накіравання з гаспадаркі наўрад ці закончыў бы навучанне. Так здарылася, што калі закончыў першы курс, раптоўна памёр мой бацька. Адна маці з зарплатай вартаўніка наўрад ці змагла б дапамагаць вучыцца. Хоць вучоба давалася мне лёгка і на дзяржаўную стыпендыю выцягваў бы, толькі саўгасная стыпендыя была большай на 15 рублёў, дадавала яна і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Акадэмію В. Арцімовіч закончыў у 1991 годзе, і адразу ж яго прынялі ў саўгас на пасаду галоўнага эканаміста. Больш запісаў у яго працоўнай кніжцы не з’явілася. Ён разлічвае, што і не будзе.
Як успамінаў пра першыя гады сваёй працы сам Віктар, было нялёгка. Не хапала вопыту, а побач не было спецыяліста са стажам, які б падказваў, павучаў. Але малады спецыяліст не адчайваўся, шмат чытаў спецыяльнай літаратуры, сачыў за новымі веяннямі ў перыядычных выданнях. Так паступова, дзень за днём станавіўся ўсё больш і больш спрактыкаваным. . І цяпер гэта адзін з лепшых эканамістаў сельгаспрадпрыемстваў. Ён быў і застаецца аптымістам. Вось і на маё выказванне на конт таго, што цяпер у сельскагаспадарчай вытворчасці ўсё цяжэй і цяжэй, з аптымізмам заўважыў: «Няхай і цяжэй, затое і цікавей. Кожны дзень з’яўляюцца новыя праблемы, якія трэба вырашаць. А гэта цікава.
Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.
