У гасцях у аховы

Главное

День открытых дверей-77 (Small)Яшчэ ў дзяцінстве хлопчыкі і дзяўчынкі, гуляючы, задумваюцца пра тое, хто кім хоча стаць, калі вырасце. Нехта бачыць сябе ўрачом, нехта — пажарным, нехта — міліцыянерам. А ў школьным узросце падлеткі пачынаюць усур’ёз разважаць над выбарам будучай прафесіі і імкнуцца атрымаць добрую адукацыю, каб дасягнуць пастаўленай мэты. Ад таго, наколькі правільна будзе зроблены выбар, залежыць у многім увесь жыццёвы шлях чалавека.
З мэтай фарміравання станоўчага іміджу органаў унутраных спраў, падняцця прэстыжу службы ў міліцыі калектыў Браслаўскага аддзялення дэпартамента аховы правёў нядаўна дзень адкрытых дзвярэй для вучняў СШ №1.
Начальнік аддзялення М. Сільчонак пазнаёміў юнакоў і дзяўчат з гісторыяй падраздзялення аховы, даступна расказаў пра службу на сучасным этапе і пра задачы, якія стаяць перад яе супрацоўнікамі.
У актавай зале была арганізавана фотавыстаўка, дзе школьнікі з задавальненнем знаёміліся са здымкамі розных гадоў, маглі параўнаць, якім было падраздзяленне ў перыяд стварэння і якім стала сёння. Размова з маладымі людзьмі закранула не толькі гісторыю аховы, але і іншыя пытанні. М. Сільчонак раіў са школьнай пары весці здаровы лад жыцця, не бавіць вольны час толькі за камп’ютарам, а лепш пайсці на спартыўную пляцоўку і г.д.
Ён змог выклікаць інтарэс да службы ў міліцыі ў многіх гасцей, а сведчаннем таму былі шматлікія пытанні. Школьнікаў цікавіла, куды пайсці вучыцца, каб стаць міліцыянерам, якую вартавыя правапарадку атрымліваюць зарплату, ці могуць дзяўчаты служыць у органах унутраных спраў. М. Сільчонак даў на ўсе пытанні канкрэтныя адказы.
Сустрэча прадоўжылася экскурсіяй па адміністрацыйнай пабудове, дзе госці пазнаёміліся з трэнажорнай залай, вучэбным класам. У двары аддзялення была арганізавана сустрэча са старшым інспектарам А. Жукоўскім, які пазнаёміў з работай нарада групы затрымання і спецыяльныя сродкамі. Бронежылет і шлем так спадабаліся юнакам і дзяўчатам, што яны з задавальненнем фатаграфаваліся ў такім абмундзіраванні.
Фіналам сустрэчы стала выступленне міліцыянера-кінолага са сваім напарнікам – нямецкай аўчаркай па мянушцы Полі.
Мы спадзяёмся, што пасля такой сустрэчы нехта абавязкова вырашыць звязаць свой лёс з аховай.

Аляксандра Мітрафанава,
спецыяліст па кадрах.День открытых дверей-93_cr (Small)