Адзін дзень з вадзіцелем-прадаўцом аўталаўкі

Главное

IMG_1463 (Small)Валодзю чакаюць з нецярпеннем, або
Аўталаўка – не проста магазін на колах

Сувязь з глыбінкай

Сёння на Браслаўшчыне шмат вёсак, дзе няма магазіна, дзе жывуць па некалькі пенсіянераў, якім не па сіле пайсці па прадукты ў суседнюю вёску за колькі кіламетраў. Цесную сувязь з такой глыбінкай трымаюць вадзіцелі-прадаўцы аўталавак. На мінулым тыдні я адправілася ў падарожжа з адным з такіх — Уладзімірам Шаўчуком — па яго маршруце. Працягласць яго крыху больш за 130 кіламетраў.
З раніцы ён заязджае на хлебазавод, дзе бярэ свежы хлеб. Затым папаўняе асартымент у кулінарыі кандытарскімі вырабамі, загружае свой аўтамагазін на базе райпа патрэбнымі таварамі, і адпраўляецца ў шлях.
І па такім сцэнарыі праходзіць яго кожны рабочы дзень. Па панядзелках, серадах і пятніцах Уладзімір наведвае вёскі Гайлешы, Дзегцяры, Мілашы, Крукоўшчыну, Марцэбаліну, Рымуці, Кансталіна, Залессе, Ёдлавічы, Мядынкі, Дукелі, зноў робіць некалькі прыпынкаў у Ёдлавічах, апошні – у Каленкішках. Па аўторках і чацвяргах У. Шаўчук абслугоўвае жыхароў аддаленых вёсак на опсаўскай і ўрбанскай зонах.
У дзень майго падарожжа з Валодзем у яго аўтамагазіне было тавару амаль што на 50 млн. руб.

Галоўны навігатар аўталаўкі –
сумленне прадаўца

У кожнай вёсачцы Валодзю сустракалі, і гэта без перабольшвання, як роднага чалавека. На тварах пакупнікоў адразу з’яўлялася ўсмешка.
— Выдатны чалавек, — казалі пенсіянеркі з Дзегцяроў Ванда Магрын і Даната Сапун. – Нам многія нават зайздросцяць, што ў нас такі ветлівы, цярплівы вадзіцель-прадавец. Ён нам многія рэчы прывозіць пад заказ, нават мэблю, будматэрыялы. Дык заўсёды кожнаму пад самы дом даставіць.
Валодзя ведае ўсіх сваіх патэнцыяльных пакупнікоў па імёнах і прозвішчах. Многія бабулькі і дзядулькі, як ён іх называе, расказваюць не толькі пра свае хваробы, але і пра праблемы. Валодзя, хоць і не хапае іншы раз часу, заўсёды выслухае, пашкадуе, калі бачыць, што чалавеку гэта патрэбна. Я нават пажартавала, што яму трэба яшчэ даплачваць палову стаўкі за псіхолага.
Ніразу не здаралася выпадку, каб У. Шаўчук абважыў некага ці аблічыў, прадаў пратэрмінаваны ці няякасны тавар. Ён не толькі ведае густ кожнага пакупніка, але, калі прывёз нешта новае, заўсёды прарэкламуе. Я іншы раз здзіўлялася, што некаторыя нават кашалёк яму даюць у рукі, каб сам узяў патрэбную суму. Значыць, давяраюць.

На розны густ

Прыезд аўталаўкі – сапраўдная падзея для многіх вяскоўцаў. Яны прыходзяць сюды акуратна апранутыя, з прыўзнятым настроем. Гэта для іх нагода не толькі папоўніць халадзільнікі, але і сустрэцца ў чарговы раз з суседзямі, паразмаўляць з тымі, каго не бачылі, абмеркаваць апошнія навіны.
Але, безумоўна, асаблівая ўвага – пакупкам. У аўталаўцы ёсць усё – ад хлеба і малака да лямпачак і пральнага парашка. Захаваны ўсе правілы таварнага суседства. Увесь тавар выстаўлены на вітрынах. Унутры – сучаснае халадзільнае абсталяванне. Усё свежае, смачнае. Напярэдадні Вялікадня людзі куплялі шмат рыбы, каўбас, фруктаў, прысмакаў. Мужчыны, безумоўна, нярэдка адыходзілі ад аўталаўкі з бутэлькай віна ці гарэлкі, а жанчыны ў адместку ім вырашалі папесціць сябе саладосцямі.
Шчыра кажучы, была прыемна здзіўлена, што некаторыя бралі тавар на 200 — 400, а то і 500 тысяч рублёў. І гэта пры тым, што аўталаўка прыязджае тры разы на тыдзень. Па прызнанні Уладзіміра, выручка на гэтым маршруце не бывае меншай за 8 – 10 млн. руб.
Ёсць у яго пакупнік, які аддае перавагу эксклюзіўным напіткам, розным гатункам каньяку. Таму прывозіць і такія пад заказ. Ёсць таксама глухі чалавек, якога ён абслугоўвае па пададзеным спісу. Сустракаліся такія, што заносілі сумкі з пакупкамі дамоў і вярталіся зноў за чым-небудзь смачненькім.
Валодзя па просьбе некаторых вяскоўцаў спыняецца літаральна каля брамкі. Словам, стараецца па-добраму дагадзіць кожнаму. Зазначу, што людзі яму за гэта вельмі ўдзячны.
Паважаць людзей і быць чэсным – вось галоўнае правіла Уладзіміра. Тады і яны будуць добразычліва да цябе ставіцца, а работа – прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі і задавальненне.

Да новых сустрэч

Уяўляю, з якім нецярпеннем чакалі вяскоўцы прыезду аўталаўкі ў пятніцу, акурат перад вялікім святам. Многія заказвалі кулічы да Вялікадня, пірагі, словам, шмат чаго, каб стол сапраўды быў святочным і не горшым, чым у гараджан. Валодзя ж, безумоўна, выканаў усе заказы. І ў чарговы раз пачуў:”Маладзец. Вялікі дзякуй за клопаты пра нас!”.
Адказны, растаропны, акуратны і камунікабельны – менавіта гэтымі якасцямі вылучаецца вадзіцель-прадавец аўталаўкі Уладзімір Шаўчук.
Ён хутка і прафесіянальна абслугоўвае пакупнікоў, не паспееш азірнуцца, як зноў за рулём. А колькі розных цікавых гісторый ён расказаў па дарозе: і пра звяроў, якіх бачыць амаль ці не кожны дзень, і як вяскоўцы частуюць яго дранікамі з пылу, з жару, дораць на дзень нараджэння падарункі, як лячылі хворую нагу, хто рэцэптамі для прымочак, мазей, хто загаворамі. Словам, у кожнае такое падарожжа Валодзя абавязкова адпраўляецца з добрым настроем, бо ведае: сустрэчы з ім чакаюць, сустракаюць ветлівымі словамі і заўсёды жадаюць шчаслівага шляху.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.IMG_1451 (Small) IMG_1456 (Small)