Такія розныя падобныя лёсы

Главное

IMG_1322 (Small)Друеўская бальніца сястрынскага догляду разлічана на 20 ложка-месц. І практычна на працягу ўсяго яе існавання ніводзін з іх не пустуе.
Сярод пацыентаў бальніцы ўсе жыхары нашага раёна. На сённяшні дзень з 20 чалавек толькі 6 могуць самі хадзіць і сябе абслугоўваць, яшчэ некалькі могуць перасоўвацца ў інвалідных калясках. Цяжка нават уявіць сабе, колькі намаганняў і сіл патрэбна медперсаналу па доглядзе за такімі хворымі. Абавязкі гэтыя ў асноўным кладуцца на плечы санітарак. Праўда, па словах галоўнага ўрача бальніцы Ларысы Лукян, жанчыны даглядаюць пацыентаў як блізкіх людзей, бо многія тут ляжаць не год і не два.
Сама Ларыса Ільінічна прыняла гэту пасаду ў 2008 годзе. Па яе прызнанні, на першым часе вельмі цяжка ўспрымала лёс кожнага пацыента, а пазней зразумела, што так прымаць усё блізка да сэрца не варта. Многія з хворых самі сабе знайшлі хваробу. Напрыклад, ёсць тут некалькі чалавек, што ў п’яным стане ў суровыя зімы абмарозілі ногі, іх давялося ампуціраваць.
А ўвогуле нямала пацыентаў з вельмі розным, але падобным лёсам.
Самаму маладому пацыенту 33 гады, ён інвалід І групы. Паехаў на заробкі ў Расію, там займеў жонку і дваіх дзяцей. Аднойчы трапіў у аварыю, дзе моцна траўміраваў пазваночнік. Хворы мужчына стаў не патрэбны сям’і. Яго адправілі на радзіму. Некаторы час жыў у адной хаце на хутары з братам. Але той больш цягнуўся да чаркі, чым даглядаў інваліда. Толькі дзякуючы пільнасці і неабыякавасці да чужога лёсу работнікаў сацслужбы, даведаліся пра гэты жудасны выпадак і змясцілі хворага ў бальніцу.
Для адной з жанчын ужо больш за тры гады бальніца з’яўляецца родным домам. Цяпер ёй за 80. Усё жыццё працавала даяркай на ферме, там і падарвала здароўе. Сын п’янствуе, нярэдка і здзекваўся над маці. Вось і трапіла жанчына ў Друю. Праўда, бачна, што яна не трымае на сына зла, бо амаль кожны дзень просіць санітарак патэлефанаваць яму ці напісаць пісьмо, і кожны дзень чакае яго. Сын жа да маці і вачэй не кажа.
Дзевяностагадовы стары поўнасцю сляпы. Але ў гэтага дзядка дастаткова светлы розум, да таго ж ён поўнасцю сам сябе абслугоўвае, апранаецца, ходзіць у туалет. Увесь персанал ён пазнае па голасе, а галоўнага ўрача нават па паходцы. Калі мы з Ларысай Ільінічнай пацікавіліся яго ўзростам, ён нават з нейкай крыўдай адказаў: “Усяго дзевяноста. А мая маці памерла ў 117. Таму мне яшчэ жыць і жыць”.
Ляжыць у бальніцы прыкаваная да ложка і былая санітарка. Пасля інсульту не змагла жыць адна, а сын у Латвіі. Не мае ніякай магчымасці забраць маці да сябе. Але калі прыязджае, па ўсяму бачна, што любіць і шануе яе.
І такія гісторыі можна расказваць амаль пра кожнага з пацыентаў. Амаль ва ўсіх іх ёсць дзеці, але па тых ці іншых абставінах яны не могуць даглядаць хворых бацькоў.
Не буду шмат разважаць на тэму маралі. Скажу толькі адно: у кожнага з дзяцей гэтых людзей ёсць ці будуць свае дзеці. І дзе гарантыя, што яны не паступяць некалі з імі падобным чынам.
Зазначу, што ў бальніцы створаны добрыя ўмовы для пацыентаў – светлыя, прасторныя палаты, чатырохразовае харчаванне, добрае лячэнне, належны догляд. Але ж нездарма кажуць, што дома ўстаць на ногі і родныя сцены дапамагаюць.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.