Будаўнічыя акцэнты

Главное

Па тым, як развіваецца будаўнічая галіна, можна ўвогуле судзіць пра стан эканомікі. Нездарма ж кажуць, будуем – значыць, жывём. Пра мінулагоднія вынікі ў гэтай сферы і пра планы на 2013 г. карэспандэнт газеты Зінаіда Палулех гутарыла з намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Давыдзенкам.
Жыллё – асноўная ўласнасць большасці беларусаў. Андрэй Генадзьевіч, з якімі паказчыкамі ў жыллёвым будаўніцтве раён завяршыў мінулы год?
— 2012 год быў вельмі напружаным для будаўнікоў. Аблвыканкам давёў нашаму раёну заданне ўвесці ў строй 16 тыс. м2 жылля. Фактычна ж нам на канец года ўдалося выйсці на паказчык у 16399 м2, што дастойна выглядае на фоне іншых раёнаў вобласці.
Вялікі ўклад у гэтым індывідуальных забудоўшчыкаў, на рахунку якіх 12372 м2 жылля. За што вялікі дзякуй і старшыням сельсаветаў, якія плённа папрацавалі з людзьмі. Бо ні для каго сёння не сакрэт, што ў многіх дамах ужо даўно жывуць сем’і, але гаспадары іх не спяшаюцца афармляць неабходныя дакументы.
А на 2013 год перад намі пастаўлена задача пабудаваць 21 тыс. м2 жылля.
Акрамя жылля, і на многіх іншых будаўнічых пляцоўках жыццё ж не замірала?
— Так. Працягваецца рэканструкцыя філіяла Глыбоцкага МКК. Там ужо завяршаюцца асноўныя будаўніча-мантажныя работы, пачынаюцца аддзелачныя ў адміністрацыйна-бытавым корпусе, падключана цяпло ад кацельні ЖКГ. За разуменне і дапамогу мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву гэтай арганізацыі.
Шмат зроблена на такіх аб’ектах, як інфекцыйны корпус ЦРБ, дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.
Вось асноўныя аб’екты, на якіх працавалі і працягваюць увіхацца будаўнікі. А рэканструкцыя жывёлагадоўчых ферм – гэта асобная тэма.
Якія планы будаўнічай галіны раёна на бягучы год?
— Трэба завяршыць будаўніцтва ЖБК-9 на 57 кватэр, узвесці 60-кватэрны дом на долевым удзеле, пачаць будаваць ЖБК-10.
Рыхтуецца праектная дакументацыя на асвятленне ўздоўж вуліцы Гагарына. На гарадскім стадыёне плануецца ўзвесці комплекс з пунктам пракату, раздзявалкамі і душавымі.
Пачаты работы па рэканструкцыі ПП “Урбаны”.
Сёлета таксама неабходна абсталяваць стаянку для аўтамабіляў каля гарадскога пляжа.
У раёне новых шматпавярховых дамоў будзе ўстаноўлены павільён райпа, дзе размесцяцца магазін, кафетэрый, аптэка.
У маі плануецца здаць у эксплуатацыю гасцінічны комплекс па вул. Ленінскай ААТ “Ніка-Прэстыж”, дзе размесцяцца 24 камфартабельныя нумары, рэстаран, бар, піцэрыя. Ля яго будуць прычал з лодкамі, катамаранамі, лазні, адкрытыя тэрасы. Словам, планаў шмат.
Андрэй Генадзьевіч, але ж гэтыя планы павінны ажыццяўляць людзі. А ў будаўнічай галіне існуюць пэўныя праблемы з кадрамі і добрымі спецыялістамі?
— На жаль, сапраўды, кваліфікаваных будаўнікоў не хапае. І гэта праблема характэрна не толькі для нашага раёна. Не хапае людзей у ПМК-42. Аднак мы не збіраемся апускаць рукі.
Добра зарэкамендавалі сябе на будаўнічым рынку паслуг “Леман” і “Віталіч-буд”. Будзем прыцягваць да будаўніцтва аб’ектаў і працаўнікоў ПМС.
Кажуць, што вочы баяцца, а рукі робяць. Таму, лічу, што з пастаўленымі задачамі мы справімся.