Прысвечана азёрнаму краю

Главное

Каля сотні экспанатаў будзе прадстаўлена на выстаўцы “Край лясоў і азёр”, прымеркаванай да 75-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці, у музеі беларускага кнігадрукавання – філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Адкрыццё выстаўкі запланавана на 18 студзеня. Большую частку калекцыі складуць друкаваныя выданні – кнігі, перыёдыка, брашуры, у якіх ідзе размова пра паўночны рэгіён Беларусі, яго гісторыю, культуру, празаічныя творы, прысвечаныя азёрнаму краю, фотаальбомы, выданні пра гарады вобласці – Віцебск, Полацк, Наваполацк, Оршу.
Асаблівае месца будзе адведзена поўнаму збору гісторыка-дакументальных хронік “Памяць”, якія выдадзены раёнамі вобласці.
Сярод экспанатаў, па словах загадчыцы філіяла Алены Шумовіч, ёсць і кнігі-лаўрэаты нацыянальных конкурсаў “Мастацтва кнігі”. Побач з кнігамі будуць выстаўлены маркі, канверты, значкі, якія выпускаліся да памятных падзей, звязаных з Віцебшчынай і яе знакамітымі людзьмі.
З дня заснавання Віцебскай вобласці, які адзначаецца 15 студзеня 2013 г., спаўняецца 75 гадоў. З гэтай нагоды па вобласці на працягу ўсяго года пройдуць разнастайныя ўрачыстыя мерапрыемствы.
У Віцебску адбудзецца традыцыйнае ўшанаванне лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны – 2012”, на якім старшыня абалвыканкама звернецца да прысутных з урачыстымі словамі падзякі і віншавання.
Большасць мерапрыемстваў запланавана на студзень. Так, 17 чысла пройдзе адзіны дзень інфармавання насельніцтва, на якім слухачы пазнаёмяцца з сацыяльна-эканамічнымі дасягненнямі Віцебскай вобласці. Адбудзецца міжнародны турнір па спартыўных бальных танцах “Віцебская сняжынка – 2013”. Плануецца правесці абласныя спартакіяды, спаборніцтвы па лыжным спорце, будзе дзейнічаць выстава “Віцебшчына ў мастацкіх працах”.
На працягу ўсяго года ў грамадскіх установах плануецца правесці выхаваўчыя мерапрыемствы, у бібліятэках вобласці пройдуць тэматычныя кніжныя выставы, прэс-агляды, гутаркі, прысвечаныя юбілею, пройдуць канцэртныя конкурсы, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, вядомымі людзьмі Віцебшчыны.
Мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю стварэння Віцебскай вобласці, будуць шырока асвятляцца у сродках масавай інфармацыі.