На кожнага “хітруна” знойдзецца ўправа

Главное

Раніцай 7 студзеня на ўчастку адной з пагранічных застаў Полацкага пагранатрада на беларуска-латвійскай мяжы спрацавала сігналізацыя. Нарад тут жа адправіўся на пошук парушальніка, а латвійскія пагранічнікі былі папярэджаны пра магчымае нелегальнае перасячэнне мяжы. Хутка вайскоўцы ў зялёных фуражках заўважылі сляды парушальніка, а праз пэўны час дагналі і яго самога. Недалёка ад мяжы была спынена грамадзянка Украіны. Жанчына расказала, што на святы накіроўвалася да родных на Захад, вось толькі чаму пайшла ў абход пагранпераходу не патлумачыла.
Да родных яна так і не трапіла. Згодна з заканадаўствам украінка заплаціла штраф і была выдварана за межы Беларусі.
Раней у Браслаўскім раёне адбыўся яшчэ адзін цікавы выпадак. Полацкія пагранічнікі затрымалі грамадзяніна Беларусі. Ноччу ён ва ўстаноўленым парадку перасек мяжу з Латвіяй праз пункт пропуску “Урбаны” на грузавым аўтамабілі.
Латвійскія ж мытнікі падчас агляду машыны западозрылі няладнае і знайшлі схаваныя ў ёй таварна-матэрыяльныя каштоўнасці. Наш суайчыннік палічыў лепшым выхадам з сітуацыі ўцячы ад праблемы. Ён пакінуў свой транспартны сродак, дакументы і кінуўся ў лес, але хутка быў затрыманы пагранічным нарадам.

Дзяніс Глебка,
памочнік начальніка Полацкага пагранатрада па рабоце са СМІ.