Дзеці пры справе

Главное

Закончыліся зімовыя канікулы. Установы адукацыі і культуры разам з іншымі зацікаўленымі зрабілі ўсё, каб адпачынак школьнікаў, які супаў са святочнымі днямі, быў насычаны мерапрыемствамі і падзеямі.
Каму канікулы, а каму – напружаная праца. Традыцыйна вялікую нагрузку нясуць на сабе педагогі. Канікулы – неспакойны час таксама для камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і супрацоўнікаў ІСН РАУС. З мэтай праверкі арганізацыі занятасці дзяцей, у апошнія дні мінулага года і напачатку года 2013-га яны правялі шэраг сумесных рэйдаў як па Браславе, так і з выездам у сельскую мясцовасць, дакладней – плюскі накірунак.
Па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Жанны Скур’ят, рэйды пакінулі прыемнае ўражанне. Так, з лепшага боку паказалі сябе ўстановы адукацыі: выконваліся планы работы ў канікулярны час, былі запоўнены спартыўныя залы, арганізаваны навагоднія ранішнікі і вечары, у многіх школах працавалі лагеры. Паказальна, што ў арганізацыі ранішнікаў для малодшых класаў і дзіцячых садкоў прымалі ўдзел старшакласнікі. Карысць такога падыходу відавочная: і адным свята, і другія занятыя.
У рамках праграмы “Вясёлыя канікулы” штодзённа і разнастайна працаваў для непаўналетніх браслаўчан цэнтр дзяцей і моладзі. Сярод шматлікіх прапаноў установы найбольшым попытам карыстаецца камп’ютарны клуб “Трыджык”, але, каб трапіць у яго, трэба добра зарэкамендаваць сябе падчас наведвання іншых аб’яднанняў па інтарэсах. Таму амаль у кожным кабінеце праходзілі заняткі. Аднак у паслясвяточныя дні адзначаецца зніжэнне актыўнасці наведвальнікаў ЦДМ.
Удзельнікі рэйдаў удзялілі ўвагу і маніторынгу работы ўстаноў культуры. Як РДК, так і сельскія клубы працавалі згодна з графікам, арганізавалі навагоднія мерапрыемствы для дзяцей супрацоўнікаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Актыўна ў справу арганізацыі занятасці дзяцей уключыліся і бібліятэкі.
Не засталіся ўбаку і супрацоўнікі аддзела спорту і турызму. Працаваў каток (нагадаю, тады яшчэ стаяла марознае надвор’е), які традыцыйна карыстаецца вялікім попытам у школьнікаў, у ДЮСШ быў наладжаны пракат канькоў і лыжаў. Больш за 160 чалавек скарысталіся магчымасцю прахваціць па лёдзе на свежым паветры.
Супрацоўнікі ІСН, у сваю чаргу, неслі службу ва ўзмоцненым рэжыме. Маніторынг сітуацыі паказвае, што непаўналетнімі і іх бацькамі ў цэлым выконваюцца патрабаванні заканадаўства. Так, не выяўлена фактаў знаходжання непаўналетніх ва ўзросце да 16-ці гадоў на вуліцы без суправаджэння бацькоў ці ў стане алкагольнага ап’янення. Аднак мела месца ўцягванне непаўналетняга ў антысацыяльныя паводзіны. У сувязі з гэтым на дарослага складзены пратакол, вінаваты будзе прыцягнуты да адказнасці.
Падчас рэйдаў іх удзельнікі наведвалі і сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца на прафілактычных уліках ці сацыяльна небяспечным становішчы. Што характэрна, нават у іх не выяўлена сур’ёзных парушэнняў.
Такімі вось пазітыўнымі, як суб’ектыўна, так і аб’ектыўна, атрымаліся вынікі сумесных перадсвяточных рэйдаў, арганізаваных КСН і ІСН. Хочацца спадзявацца, што такі расклад працягнецца, і ў бягучым годзе маніторынг арганізацыі вольнага часу непаўналетніх будзе выяўляць толькі станоўчыя моманты.

Вячаслаў Каладынскі.