Год быў цікавы і насычаны

Главное

Гістарычна склалася так, што на тэрыторыі Браслаўскага раёна жыве шмат людзей якія размаўляюць па-польску, і яны жадаюць, каб іх дзеці таксама ведалі мову і культуру сваіх продкаў. У нашым раёне ўжо шмат гадоў дзейнічае грамадскае аб’яднанне “Польская маці школьная”. Яна сапраўдны памочнік у вывучэнні мовы, культуры, традыцый суседняй краіны.
Ніхто не прымушае вучыць польскую мову, дзеці самі з вялікім задавальненнем запісваюцца і прыходзяць на заняткі. Мінулы год для іх быў цікавым і насычаным падзеямі. Разам з грамадскім аб’яднаннем яны ладзілі разнастайныя мерапрыемствы, святы, карысна праводзілі вольны час.
Так, напрыканцы года для дзяцей, якія вывучаюць польскую мову, праходзіла шмат конкурсаў. Адзін з іх называўся “Святочнае віншаванне”. Яны сваімі рукамі рабілі паштоўкі, пісалі віншаванні, а потым дарылі іх родным, суседзям і аднавяскоўцам, якія маюць польскія карані. А самая лепшая паштоўка атрымалася ў вучня Відзаўскай школы Максіма Бічэля.
Для тых, хто любіць маляваць, магчыма было праявіць сябе ў конкурсе малюнкаў “Гістарычнае мінулае”. Дзеці на паперу пераносілі ўяўленні пра дарагія сэрцу мясціны, з якімі ў іх звязана шмат уражанняў. Самым шчырым і пранікнёным быў прызнаны малюнак Рамана Мурашкі з Іказненскай школы. Дарэчы, малюнак Рамана паўдзельнічаў і ў такім жа міжнародным конкурсе, што праходзіў у Даўгаўпілсе. Там ён атрымаў не толькі словы пахвалы, але і міжнародны дыплом.
Традыцыйна кожны год дзеці з вялікім задавальненнем удзельнічаюць у конкурсе “Лісты да святога Мікалая”, дзень якога адзначаецца ў снежні. У сваіх пасланнях святому Мікалаю, абаронцу дзяцей і сябру Санта-Клаўса, яны расказвалі пра сябе, сваіх сяброў, свой край, пра мары і жаданні. Фантазіі дзяцей не было межаў, але конкурс ёсць конкурс, таму пераможцамі ўсё ж былі вызначаны 3 вучні з Чэрнеўскай, два з Мяжанскай і тры з Богінскай школ.
А яшчэ напрыканцы года ў 21-ы раз прайшоў раённы конкурс чытальнікаў польскай паэзіі імя Адама Міцкевіча. Створаны ён, каб выхоўваць павагу да культурнай спадчыны Польшчы, ствараць умовы для развіцця творчых здольнасцей вучняў. Удзельнікі розных ўзроставых груп спаборнічалі ў выразнасці і эмацыянальнасці чытання вершаў. Лепшымі былі прызнаны Марыя Кашкур з Друйскай і Вераніка Пяткевіч з Відзаўскай школ. Ім і выпала ганаровая місія прадстаўляць наш раён на такім жа рэспубліканскім конкурсе.
На працягу снежня ГА “Польская маці школьная” таксама ладзіла сумесныя з каталіцкімі парафіямі святы і мерапрыемствы, дзеці вывучалі традыцыі і рыхтаваліся да Каляд, атрымлівалі падарункі.

Таццяна Пятушка.