Нясуць міласэрнасць сваёй душы.

Главное

Калі напярэдадні Дня работнікаў сацыяльнай абароны пацікавілася ў супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пра лепшых сацыяльных работнікаў, мне назвалі шмат імяў, у тым ліку Тэрэсу і Пятра Барткевічаў з в.Медзюкі. Не так часта сустрэнеш, каб муж і жонка працавалі разам у сферы абслугоўвання, таму з цікавасцю паехала да іх.
За кубкам гарбаты прыветлівая абаяльная жанчына, з асаблівай цеплынёй і душэўнасцю расказвала пра сваю працу.
Калі 15 гадоў таму назад старшыня сельсавета прапанаваў Т. Барткевіч аформіцца сацыяльным работнікам, то спачатку, вядома ж, былі сумненні, пасля якіх уладкавалася на працу. А ў хуткім часе да яе далучыўся і муж Пётр, які па стане здароўя не змог працаваць у калгасе шафёрам.
— На першым часе, — успамінае Т. Барткевіч, — было неяк нязвыкла і цяжка. Людзі не маладыя, у кожнага свой характар. Але трымаліся, бо разумелі, што ім таксама нялёгка.
Зараз у сям’і Барткевічаў на абслугоўванні 14 чалавек. Жывуць бабулі і дзядулі ў розных населеных пунктах. За тыдзень трэба пабываць у кожнага па 2-3 разы. Калі пачыналі працаваць, да сваіх падапечных дабіраліся на кані. Зараз з транспартам лягчэй: ёсць машына. На ёй на аддалёны хутар ездзіць муж, а Тэрэза Іванаўна жывога каня змяніла на жалезнага – веласіпед.
Жанчына кажа, што да працы сацыяльнага работніка трэба прывыкнуць, бо ўсе людзі розныя, але яна з мужам стараюцца цярпліва дапамагаць і падтрымліваць. Ведаюць, што сталыя людзі чакаюць ад іх не толькі медыкаментаў і прадуктаў. Ім яшчэ трэба і спачуванне, добрае слова, адчуванне таго, што пра іх клапоцяцца.
І “апекуны” не скупяцца на добрыя справы, робяць нават больш, чым указана ў пераліку паслуг.
Разам з Тэрэсай Барткевіч завітала да яе падапечнай Ірэны Уладзіславаўны Міцкевіч. Седзячы каля акна, бабулька з раніцы да вечара можа чакаць, калі да яе хто прыйдзе, каб разбавіць адзіноту і проста пагаварыць. З вялікай удзячнасцю і слязьмі на вачах расказвае адзінокая пенсіянерка пра сваіх “добрых анёлаў”, бо для яе гэтыя людзі з’яўляюцца святлом у акенцы.
Нездарма кажуць, стары, што малы, таму з асаблівай радасцю бабулі і дзядулі атрымлівалі святочныя падарункі ад СВК “Маяк Браслаўскі”. Ніяк не маглі паверыць, што мясныя вырабы ім даюць бясплатна. Колькі шчасця свяцілася ў вачах старых ад спазнання таго, што пра іх не забыліся.
Кожны дзень шмат гадоў Тэрэса і Пётр Барткевічы нясуць ў дамы састарэлых людзей міласэрнасць сваёй душы. Таму часта чуюць у свой адрас “родныя нашы”, “дачушка”.
А Тэрэса Барткевіч з удзячнасцю адгукалася пра старшыню Опсаўскага сельвыканкама Алу Даніліну, якая дапамагае вырашаць патрэбы адзінокіх пенсіянераў, часам і недарэчныя.
Так муж і жонка Барткевічы сталі для адзінокіх пажылых людзей, інвалідаў не толькі памочнікамі ў хатніх справах, але і лепшымі сябрамі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.