У чаканні свята

Главное

Жыхары вёскі Цяцеркі 28 снежня апынуліся ў святочнай казцы. Дзіўнае спляценне ўсходніх матываў з рускім фальклорам у сучасным выкананні аматараў мастацкай самадзейнасці Іказненскага Дома культуры ўразіла і захапіла як дзяцей, так і дарослых. Вяскоўцы не маюць свайго Дома культуры, таму прадстаўленне разгарнулася ў памяшканні Цяцеркаўскага сельвыканкама. Казачныя персанажы, створаныя П. Даўгалёвай, А. Вецер, А. Умпіровіч, І. Лясюк, В. Шваб, У. Станкевіч, І. Блін, А. Умпіровіч і В. Хадаронак, ахапілі сваёй увагай усіх.
У пераднавагодні час адбываюцца цуды, таму дырэктар школы, мясцовы дэпутат, настаўнікі, загадчыца бібліятэкі, інспектар па ахове дзяцінства, работнікі культуры і абслугоўваючы персанал школы пад кіраўніцтвам дырэктара сельскага Дома культуры ператварыліся ў сапраўдных казачных герояў. Уразілі і парадавалі гледачоў непаўторныя жартоўныя касцюмы артыстаў, развесялілі трапныя выказванні, песні і танцы. Адчувалася, што не толькі гледачы, але і самі артысты атрымліваюць задавальненне ад выступлення. Першыя чакалі свята, а другія яго стварылі. Майстэрства артыстаў раскрылася нягледзячы на дрэннае надвор’е і няблізкую дарогу ад Іказні да Цяцерак, адсутнасць сцэны і магчымасць схаваць некаторыя акцёрскія “хітрыкі”. Цікава было назіраць за гледачамі збоку. На нейкі момант яны як бы самі сталі ўдзельнікамі казачнага прадстаўлення. Яны былі адкрытыя, непасрэдныя і шчаслівыя. Цудоўная казка падарыла ім святочны настрой і шмат шчырых усмешак. Доўга гучалі апладысменты і святочныя пажаданні.
Ад імя гледачоў выказваю шчырую ўдзячнасць усім артыстам, запрашаю наведваць нас часцей і віншую ўсіх жыхароў Цяцеркаўскага сельвыканкама з Новым годам.

Павел Антанёнак,
старшыня Цяцеркаўскага сельвыканкама.