Лукашэнка: Дзень народнага адзінства – наша падзяка папярэднім пакаленням

Год исторической памяти
Пра гэта Прэзідэнт Беларусі заявіў у сваім віншаванні суайчыннікаў з Днём народнага адзінства.

«На сваім тысячагадовым шляху да самавызначэння беларускі народ годна пераадолеў шматразовыя спробы пазбавіць яго гістарычнай перспектывы, культурнай і духоўнай самабытнасці. Дата 17 верасня 1939 года – сімвал гістарычнага афармлення беларускай нацыі і шчырага імкнення беларусаў, падзеленых прымусова, жыць адной сям’ёй ва ўласным доме», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У віншаванні таксама гаворыцца, што, здабыўшы цэласнае і непаўторнае аблічча ўтульнай і гасціннай краіны ў цэнтры Еўропы, уз’яднаная Беларусь стала месцам сілы для мільёнаў грамадзян, якія з гонарам выстаялі ў складаных перыпетыях XX стагоддзя і сёння стаяць на варце суверэнітэту і незалежнасці роднай зямлі.

«Дзень народнага адзінства – падзяка сучаснікаў папярэднім пакаленням, якія адстаялі права самім вызначаць свой лёс. Ён усяляе гонар за краіну і дае ўсведамленне таго, што беларусы – адзіны народ, – адзначыў Прэзідэнт. – У гэтым заключаюцца асновы стабільнасці і дабрабыту сучаснай беларускай дзяржавы. Аб’яднаныя марай пра паспяховую і квітнеючую Беларусь, здабываючы ўрокі з нашай гісторыі, мы ў міры і згодзе стваральнай працай будуем агульную будучыню».

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, умацоўваючы беларускую дзяржаўнасць, мы разам працягваем свой шлях да новых вяршыняў і яркіх перамог, якімі будуць ганарыцца нашы нашчадкі. ■

Па матэрыялах БелТА