Вучні Опсаўскай школы пабывалі ў 9-дзённым пешым паходзе па памятных месцах

Год исторической памяти
Вучні Опсаўскай школы пад кіраўніцтвам педагогаў Аляксандра Дунца і Сяргея Пушкарова пабывалі ў 9-дзённым пешым паходзе.

У жніўні ва ўстанове арганізавалі перасоўны палатачны лагер «Патрыёт – 2022». Ён аб’яднаў школьнікаў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў. Настаўнікі распрацавалі насычаную праграму адпачынку. Накірунак лагера быў патрыятычны, а значыць, запланаваныя мерапрыемствы звязалі з гісторыяй раёна, выхаваннем пачуцця гонару за сваю малую радзіму, землякоў, краіну і г. д.

Старт «Патрыёту» далі ў Опсе – з экскурсіі па мясцовай пагранічнай камендатуры. Далей маршрут пралягаў праз Далёкія, Богіна і іншыя населеныя пункты. За дзень вандроўнікі праходзілі па 10 – 12 кіламетраў. Месцы для начлегу выбіралі зручныя, каб разбіць камфортны лагер для адпачынку і прыгатавання ежы. Падчас паходу абавязкова наведвалі месцы пахавання загінулых у часы Вялікай Айчыннай вайны, помнікі, даведваліся пра тыя ці іншыя падзеі, звязаныя з гэтымі мясцінамі. Таксама ў рамках паходу хлопцы і дзяўчаты сустрэліся і з былым вязнем – Марыяй Баравік.

Дні ў лагеры праляцелі хутка, насычана і займальна, а атрыманымі ўражаннямі дзеці падзеляцца з сябрамі падчас сустрэчы ў школе. ■