Як у Вусці сустракалі купальскую ноч

Отдых
Вечарэла. На беразе возера Недрава на ўскрайку вёскі Вусце мужчыны рыхтавалі вялізнае вогнішча, дзяўчаты пад песні плялі вянкі… Ішла падрыхтоўка да самага таямнічага свята беларускага народнага календара — Купалля.

— Вітаю, — кажа мне гаспадар аграсядзібы «У Барысавіча» Юрый Жэрко, па ініцыятыве якога ладзілася свята. — Далучайцеся да дзяўчат і пляціце сабе вянок.

Трэба адзначыць, што Юрый — чалавек, поўны творчых ідэй. Яго праекты заўсёды выклікаюць цікавасць і становяцца вядомымі. Дастаткова ўзгадаць нядаўні вернісаж «Браславские зори». Цяпер — «Купалле ў Вусці». Па яго запрашэнні на святкаванне прыехалі людзі з розных гарадоў Беларусі і замежжа, каб бліжэй пазнаёміцца з мясцовымі традыцыямі.

Заўважаю, што вакол вялізнага каўша з кветкамі і галінкамі дуба — ажыятаж. Усе жадаюць сплесці сабе купальскі вянок, які з’яўляецца абавязковым атрыбутам свята. Робяць яго дзяўчаты з задавальненнем, час ад часу прымяраюць і фатаграфуюцца. Паралельна з гэтым мясцовыя жанчыны рыхтуюць святочныя сталы са стравамі і напіткамі, прыгатаванымі па адмысловых вусцянскіх рэцэптах…

Тым часам музыка становіцца цішэйшай і на імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы з’яўляюцца Купалінка, Янка і вядзьмаркі: распачынаецца тэатральнае дзейства, якое паступова зацягвае ў сваё кола і дарослых, і дзяцей. Усе прысутныя ахвотна гуляюць у гульні, спяваюць, танцуюць, варожаць і з нецярпеннем чакаюць самага галоўнага — купальскага вогнішча.

І вось яно, узвіўшыся чырвоным слупам у неба, з’яднала ўсіх у адзін вялікі святочны карагод. А як толькі агонь прыціх, знайшліся ахвотнікі і паскакаць праз яго. Пакуль мужчыны спаборнічалі ў тым, хто вышэй скокне праз вогнішча, прыгажуні ў купальскіх вянках накіраваліся да працякаючай непадалёку Друйкі: надышоў час апускаць вянкі ў ваду… Розныя, маленькія і вялікія, упрыгожаныя свечкамі, паплылі яны па хвалях ракі, каб споўніць запаветныя жаданні.

Але Купалле на гэтым не скончылася. Госці і ўдзельнікі свята, якое атрымалася сямейным і сяброўскім, яшчэ доўга танцавалі, спявалі, ігралі на гітары, жартавалі, ласаваліся смачнай духмянай юшкай, спрабавалі стравы, прыгатаваныя мясцовымі гаспадынямі.

І пакуль не згас апошні агеньчык у вогнішчы, да той пары гучалі галасы на беразе возера. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.