Урачысты мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адбыўся 3 ліпеня ў Браславе

Новости
Па волі беларускага народа Дзень Незалежнасці нашай краіны святкуецца адначасова з Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды на Браслаўшчыне, як і па ўсёй краіне, прайшлі святочныя мерапрыемствы.

У нашым горадзе ўрачыстасць пачалася на цэнтральнай плошчы, дзе сабраліся ветэраны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь і школьнікі. Першыя словы віншавання, безумоўна, былі прысвечаны нашым ветэранам, якіх з кожным годам, на жаль, становіцца ўсё менш.

Сёлета на свята прыйшлі Павел Бульскі, Юліян Маслоўскі і Генадзь Бірукоўскі. Пад гукі патрыятычнай песні ў выкананні вакальнай групы РАУС моладзь з грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і школьнікі паказалі сцяг-шоу, напаўняючы сэрцы прысутных гонарам і адказнасцю за сваю Радзіму.

Затым удзельнікі ўрачыстасці святочнай калонай накіраваліся ў сквер да помніка загінулым воінам-вызваліцелям.

Высокім патрыятызмам, болем памяці і гонарам за свой народ і сваю краіну была прасякнута тэатралізаваная кампазіцыя, якую паказалі артысты РЦК.

У пачатку ўрачыстага мітынгу першы намеснік старшыні райвыканкама Максім Чагарын павіншаваў прысутных са святам і выказаў словы ўдзячнасці ветэранам вайны. Таксама ён адзначыў, што ўсе мы ў адказнасці за тое, каб традыцыі старэйшага пакалення жылі далей, умацоўваючы суверэнітэт беларускай дзяржавы.

З віншавальнымі словамі да прысутных таксама звярнуліся намеснік начальніка РАНС Сяргей Федарэнка, старшыня Браслаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч і в. а. першага сакратара раённага камітэта ГА БРСМ Кацярына Сайкоўская.

Працягнуўся мітынг-рэквіем хвілінай маўчання і стрэламі воінскага салюту. Удзельнікі ўрачыстасці ўсклалі вянкі да помніка ў памяць усіх загінулых на тэрыторыі нашага раёна. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.