У Браслаўскім ЦДіМ працуе выстаўка «Калядная зорка»

Выставки

У Браслаўскім ЦДіМ заззяла «Калядная зорка», а гэта значыць, што распачалася пераднавагодняя падрыхтоўка.IMG_6772

На святочную раённую выстаўку збіраюцца работы навучэнцаў з розных школ Браслаўшчыны і самой установы дадатковай адукацыі. Іх тэматыка — Новы год і Каляды. Трэба адзначыць, што аналагічныя выстаўкі распачалі сваю працу ва ўсіх кутках Віцебшчыны і не толькі. Па традыцыі лепшыя работы з раённых выставак ( з Браслаўшчыны ў гэтым годзе іх будзе 13) трапяць на абласную, а адтуль — на рэспубліканскую.IMG_6780

Сёлета «Калядная зорка» зіхаціць 72 фантазійнымі працамі. Створаны яны рукамі дзяцей рознага ўзросту. На выстаўцы ёсць арыгінальныя паштоўкі, вышываныя і маляваныя карціны, аплікацыі, самаробны камін, прыгожыя лялькі і цацкі, арыгінальныя ёлкі і шмат іншых цікавых рэчаў, зробленых у розных тэхніках.

Як зазначыла дырэктар ЦДіМ Інэса Лабэцкая, «Калядная зорка» заўсёды ўражвае фантазіяй дзяцей і іх педагогаў, арыгінальнасцю і дасканаласцю выканання творчай задумкі, і мы маем цудоўную магчымасць пазнаёміцца з работамі юных браслаўчан і ацаніць іх творчыя магчымасці.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара