У ДАІ рассказалі пра дарожную абстаноўку ў Браславе і раёне

Безопасность
Пачаўся новы каляндарны год, а гэта значыць, пара падводзіць вынікі мінулага, аналізаваць і пераасэнсоўваць зробленае, рабіць пэўныя вывады і будаваць планы на будучыню. Якім быў 2019 год для ўдзельнікаў дарожнага руху на Браслаўшчыне і супрацоўнікаў аддзялення ДАІ РАУС, расказаў яго кіраўнік Віктар Лапко.
— Віктар Іосіфавіч, перш за ўсё цікавіць аварыйная сітуацыя на дарогах Браслаўшчыны.

— На тэрыторыі раёна ў 2019 годзе зафіксавана 147 ДТЗ, у якіх транспартныя сродкі атрымалі механічныя пашкоджанні. А вось у 9 аварыях (-2 да 2018 г.) на Браслаўшчыне пацярпелі людзі. У іх 12 чалавек (+3 да 2018 г.) былі паранены і 1 (-1 да 2018 г.) загінуў. Як гэта ні сумна, але 2 ДТЗ адбыліся з удзелам непаўналетніх: 4 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. І больш за ўсё хвалюе тое, што падобнае адбываецца на фоне, калі прафілактычныя работы на тэму дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму вядуцца бесперапынна. Супрацоўнікі АДАІ рэгулярна наведваюць рабочыя калектывы, бацькоўскія сходы, праводзяць спецыяльныя рэйды, дзе расказваюць пра неабходнасць спецыяльных дзіцячых утрымліваючых усталяванняў у аўтамабілях з малымі, а факты парушэння гэтага пункта правілаў усё роўна маюць месца.

Хоць колькасць ДТЗ з уразлівымі ўдзельнікамі дарожнага руху ў параўнанні з 2018 зменшылася на 4 выпадкі, але не абышлося ў мінулым годзе і без іх. У адным пацярпеў веласіпедыст, у другім — возчык гужавога транспарту. На шчасце, здарэнняў з пешаходамі не было. Магчыма, дзякуючы таму, што апошнія ў нашым раёне ўжо цвёрда ведаюць, што неабходна насіць у цёмны час сутак флікеры, і рэдка сустрэнеш такога парушальніка.

— Якія правілы ў нас часцей за ўсё парушаюць удзельнікі дарожнага руху?

— Кожны дзень супрацоўнікі АДАІ РАУС фіксуюць парушэнні ПДР. За кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення затрыманы 63 вадзіцелі, 3 з іх пакараны паўторна, яны ж па законе былі пазбаўлены транспартных сродкаў. Так, праблема п’янства за рулём пакуль існуе: нават нягледзячы на ўзмацненне адміністрацыйнай адказнасці, вадзіцелі пад мухай на дарогах сустракаюцца.

Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць шчырую падзяку тым, хто тэлефануе ў міліцыю, калі бачыць на дарозе п’янага за рулём. У гэтым, лічу, няма нічога ганебнага, бо такім паведамленнем вы, магчыма, ратуеце жыццё ўдзельнікам дарожнага руху. Яшчэ адна катэгорыя парушальнікаў — бяспраўнікі. Тых, хто сеў за руль, не маючы на гэта права, у рукі міліцыянераў у мінулым годзе трапіла роўна 100. А 117 вадзіцеляў не аддалі перавагу пешаходам на пераходзе.

— Якія фактары ўплываюць на дарожную абстаноўку ў раёне, і што робіцца для яе паляпшэння?

— Для бяспечнай сітуацыі на дарогах важны іх тэхнічны стан. Зразумела, каб усе вуліцы раёна давесці да ідэалу і падтрымліваць яго, патрэбны вялікія грошы, але не варта забывацца, што ад гэтага часта залежыць жыццё, а яно самае галоўнае, што ў нас ёсць. Адзначу, што ў мінулым годзе значна палепшылася дарожнае пакрыццё — як на гарадскіх вуліцах, так і на дарогах раёна. Да абласнога свята «Дажынкі» ў Браславе адрамантавалі 4 931 м дарог і яшчэ 17 456 м дарог мясцовага значэння.

Таксама на двух участках вуліц горада быў зменены прыярытэт руху на больш спрыяльны. Зроблены рамонт кругавога руху ў цэнтры, чаго так доўга дабіваліся браслаўчане.

Пераабсталявалі і 11 пешаходных пераходаў: цяпер яны больш бяспечныя, бо знаходзяцца на ўзвышэнні над дарожным пакрыццём. А 2 пераходы ўвогуле абсталявалі святлодарожнай сігналізацыяй.

Для павышэння бяспекі каля трох школ раёна, а таксама па вуліцы Савецкай устаноўлена агароджа, якая выключае выхад пешаходаў на праезную частку. Каля дзіцячага сада № 3 і СШ № 2 абсталяваны гасцявыя стаянкі.

Паступова мяняюцца дарожныя знакі на больш сучасныя — са спецыяльным святлоадбіваючым пакрыццём. Нямала ўвагі надаецца асвятленню ў населеных пунктах.

Маюць месца, прычым не толькі ў нашым раёне, сутыкненні транспарту з дзікімі жывёламі. Толькі за мінулы год на дарогах Браслаўшчыны зарэгістравана каля 20 такіх выпадкаў. У іх гінуць жывёлы, значныя пашкоджанні атрымлівае транспарт, рызыкуюць сваім жыццём і здароўем людзі. Мы працуем і ў гэтым накірунку. На небяспечных участках выстаўляюцца спецыяльныя дарожныя знакі, які папярэджваюць вадзіцеляў пра магчымы выхад жывёлы. Сёлета плануем разам з Нацыянальным паркам «Браслаўскія азёры» прадоўжыць і ўзмацніць гэтую работу.

— Віктар Іосіфавіч, якія яшчэ планы ў аддзялення ДАІ на бягучы год?

— Сёлета нашай галоўнай задачай па-ранейшаму будзе змяншэнне колькасці ДТЗ і смяротнасці ў іх. Згодна з планам комплексу мер па паляпшэнні дарожнага руху «Добрая дарога» працягнем прафілактычную работу з жыхарамі раёна, удзелім асаблівую ўвагу зніжэнню дзіцячага траўматызму на дарогах. Будзем больш працаваць з пешаходамі, веласіпедыстамі, матацыклістамі, вадзіцелямі гужавога транспарту. Плануем абсталяваць яшчэ дзве гасцявыя стаянкі ля ўстаноў адукацыі. Засяродзім увагу на рабоце з вадзіцелямі і механізатарамі арганізацый і сельгаспрадпрыемстваў раёна. Больш пільна будзе правярацца праходжанне перадрэйсавага кантролю і тэхнічнага стану транспартных сродкаў.

— Дзякуй за змястоўную размову.

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.