ШЧЫРАЯ СУСТРЭЧА

Акции, конкурсы, выступления Калейдоскоп

1Не адзін год доўжыцца супрацоўніцтва Відзаўскага каледжа з ваеннаслужачымі Полацкага пагранічнага атрада, якое перарасло ў трывалае сяброўства. А добрыя сябры заўсёды віншуюць адзін аднаго са святам. Вось і напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі ахоўнікі дзяржаўнай мяжы завіталі ў каледж.

Першым на правах гаспадара са словамі віншавання звярнуўся да прысутных дырэктар адукацыйнай установы Міхаіл Смірноў. Ён адзначыў добрыя вынікі, з якімі падышлі да свята інжынерна-педагагічны і вучнёўскі калектывы каледжа, выказаў ім словы ўдзячнасці за прафесійнае майстэрства, за стараннасць і памкненне да новых працоўных дасягненняў, адзначыў лепшых майстроў, педагогаў і навучэнцаў.

За плённую сумесную дзейнасць з органамі пагранічнай службы камандзір Полацкага пагранічнага атрада палкоўнік Уладзіслаў Бруеў ад імя кіраўніцтва Дзяржаўнага пагранічнага камітэта ўручыў Міхаілу Смірнову нагрудны знак “За дапамогу”.

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства ў актавай зале каледжа загучалі цудоўныя мелодыі ў выкананні зводнага аркестра Полацкага пагранічнага атрада. Амаль гадзіну ваенныя музыканты і салісты калектыву радавалі прысутных разнажанравым канцэртам. Моцнымі і дружнымі апладысментамі зал сустракаў кожны музычны нумар. На заканчэнне святочнай праграмы прагучаў ваенны марш “Развітанне славянкі”.

■ Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.