Рэалізаваны чарговы еўрапейскі праект

Главное

IMG_8310 (Small)Ужо не адзін грант на карысць жыхароў нашага раёна выйгралі ў конкурсах ўстановы аховы здароўя Браслаўшчыны. Важкім стаў і праект, які атрымаў фінансаванне напачатку 2013 года ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства “Латвія – Літва – Беларусь” пад назвай “Развіццё і паляпшэнне медыцынскіх паслуг для людзей з псіхічнымі расстройствамі ў прыгранічных рэгіёнах”.
Ён павінен завяршыцца 15 мая 2015 г. Таму, што зроблена з лістапада 2014 года, калі праект пачаў рэалізоўвацца, папярэднічала вялікая работа. Сумесныя сустрэчы партнёраў, мерапрыемствы па навучанні і абмене вопытам, распрацоўка на трох мовах стратэгіі паляпшэння здароўя душэўна хворых людзей.
Ідэя такога сумеснага праекта ўзнікла яшчэ ў 2011 годзе. Рокішская (Літва), Даўгаўпілская (Латвія) і Слабодкаўская (Беларусь) псіхіятрычныя бальніцы “Слабодка” (Беларусь) распрацоўвалі яго разам. Аднак рэалізоўвацца праект пачаў толькі ў 2013 годзе. Праектна-каштарысную дакументацыю прафінансавала абласное ўпраўленне аховы здароўя, якое ўзначальвае Юрый Дзеркач. Менавіта з упраўлення былі выдзелены таксама сродкі на капітальныя рамонты ацяплення і пажарнай сігналізацыі ў жаночым аддзяленні.
У псіхіятрычнай бальніцы “Слабодка” многія аддзяленні ўзведзены вельмі даўно і патрабуюць рамонту. Аднак па праекце вырашана было накіраваць выдзеленыя 230 тысяч еўра на капітальны рамонт менавіта жаночага аддзялення, дзе ўтрымліваюцца псіхічна хворыя і тыя, хто знаходзіцца на прымусовым лячэнні.
Па словах галоўнага ўрача Галіны Гайлеш, зрабіць удалося шмат. Капітальна адрамантаваны ўсе палаты і памяшканні ўнутры пабудовы, набыты камп’ютары, прынтары, тэлевізары, мэбля, абсталяванне для лабараторыі. Праўда, праект прадугледжвае не толькі паляпшэнне якасці і даступнасць медыцынскіх паслуг людзям з псіхічнымі расстройствамі, але і прафілактыку такіх хвароб, рэабілітацыю пацыентаў і вяртанне іх у звычайнае жыццё.
Для катэгорыі такіх душэўна хворых людзей важныя не толькі ўмовы знаходжання ў спецыялізаваных ўстановах аховы здароўя, але і ўменне ўключыць газавую пліту, прас, памыць бялізну. Усяму гэтаму будуць вучыць пацыентаў бальніцы “Слабодка” ў спецыяльна абсталяваных пакоях.
Душэўна хворых людзей многія з нас сёння проста асцерагаюцца, некаторыя лічаць іх ізгоямі грамадства. Аднак трэба зазначыць, што ў Еўропе іх не называюць, як у нас, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, а лічаць, што ў іх іншыя магчымасці. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.
Дарэчы, акрамя еўрапейскіх сродкаў праекта, важкую дапамогу слабодкаўскай бальніцы аказвае і дабрачыннае таварыства “Карытас”. Толькі за апошнія два гады яно пералічыла на рахунак лячэбнай установы каля 350 млн рублёў.
Для перавозкі хворых куплены таксама мінівэн “Рэно-Лоджы”.
Цяпер партнёры трох бакоў думаюць, як распрацаваць новы сумесны праект. І тычыцца ён, хутчэй за ўсё, будзе сацыяльнага пакета для бальніцы “Слабодка”, бо капітальнага рамонту патрабуе харчовы блок. Хочацца спадзявацца, што ён знойдзе сваё ўвасабленне ў жыцці.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.