На адказным “фронце”

Люди

IMG_6395 (Small)Нездарма ветэрынарыя лічыцца адной з самых старажытных галін медыцыны. Вядомы вучоны Іван Паўлаў аднойчы сказаў, што ўрач лечыць чалавека, а ветэрынарны ўрач — чалавецтва. У сваёй працоўнай біяграфіі пераканацца ў правільнасці гэтага выказвання не раз даводзілася Людміле Папковай, намесніку галоўнага ветурача раёна па лячэбна-прафілактычнай рабоце. Вось ужо 28 гадоў займаецца яна любімай справай і прызнаецца, што ні на якую іншую яе не памяняла б.
Між тым з ветэрынарыяй жанчына звязала свой лёс, можна сказаць, выпадкова. Дзяўчына расла ў сям’і настаўнікаў, і сама была ўпэўнена, што стане педагогам. А вось стрыечны брат Людмілы паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут. Хлопец часта прыязджаў дадому і вельмі натхнёна расказваў, як цікава там вучыцца. Гэта і стала паваротным момантам у выбары прафесіі. Жаданне авалодваць справай ветурача падтрымалі і бацькі. Так дзяўчына стала студэнткай тагачаснага Віцебскага ветэрынарнага інстытута.
Маладая дзяўчына па размеркаванні вярнулася ў родны Браслаўскі раён. Першым месцам працы Л. Папковай стаў калгас “Дзімітрава”. Пачынаць, безумоўна, было складана, да ўсяго даводзілася даходзіць сваім розумам. Але з цягам часу Людміла Станіславаўна з маладога спецыяліста вырасла ў вопытнага ветурача з багатымі напрацоўкамі.
Пасля замужжа яна пераехала ў Браслаў, працавала спачатку апаратчыцай на малаказаводзе, а потым перайшла ў Браслаўскую ветлячэбніцу. Тут каля шасці гадоў Людміла Станіславаўна была ўрачом-тэрапеўтам, а з 2004 года займае пасаду намесніка галоўнага ветурача раёна.
Жанчына — першы памочнік галоўнага ветурача. У яе абавязкі ўваходзіць арганізацыя дзейнасці ветслужбы, дыягностыкі, прышэпак, вакцынацыі і многае іншае.
— Пачынаць на новай пасадзе было не так і лёгка, — дзеліцца жанчына. — Тут ужо адказваеш не толькі за свае дзеянні, але і за ўсіх, хто ў цябе ў падначаленні. Зараз прывыкла, мне падабаецца адладжваць працэс, каб бачыць добрыя вынікі.
Як увогуле ў медыцыне, так і ў ветэрынарыі асноўны ўпор — гэта прафілактычныя мерапрыемствы. Людміла Станіславаўна ўпэўнена, што любую хваробу, асабліва на пачатковай стадыі, лягчэй папярэдзіць, чым потым лячыць.
Нельга не акрэсліць яе значны ўклад у барацьбе з афрыканскай чумой свіней. Калі ў 2009 годзе гэта хвароба толькі пачыналася ў краіне, прадстаўнікі ветслужбаў праходзілі вучобу. Сярод іх была і Людміла Станіславаўна. Калі ж АЧС максімальна наблізілася да нашага раёна, яна распрацоўвала схемы, умовы і планы па яе папярэджванні, сумесна з рэгіянальнай інспекцыяй кантралявала свінагадоўчы комплекс СВК “Маяк Браслаўскі”, каб эпідэмія туды не трапіла. Зараз сітуацыя хоць і спакойная, але ветслужбы знаходзяцца напагатове.
Л. Папкова адносіцца да тых спецыялістаў, якія не толькі тэарэтычна падкаваныя, але і з багатым практычным вопытам. Не раз яе парады дапамагалі ветэрынарам сельгасгаспадарак ды і жыхарам раёна. Яна ніколі не адмовіць, параіць, што трэба зрабіць у той ці іншай сітуацыі. Але, па ўласным прызнанні, яна ніколі не была кабінетным работнікам. Не раз сама выязджала ў гаспадаркі раёна і ўжо на месцы разбіралася з праблемай. Усё і ўсюды бачыць і ведаць самой— такім прынцыпам кіруецца ў рабоце.
А яшчэ жанчына рэгулярна ездзіць на курсы, сочыць за навуковай літаратурай, у яе цесныя сувязі з многімі спецыялістамі райветстанцый вобласці.
Сваю справу ветурач любіць, зацікаўлена ў добрым выніку. Невыпадкова, што плённая праца Людмілы Станіславаўны заўважана, а напярэдадні свята яна адзначана Ганаровай граматай райвыканкама.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.