Зазірнуўшы на тэрыторыю вучэбна-рамонтных майстэрняў Відзаўскага ДПТК, убачыш ідэальны парадак. Тэхніка акуратна пастаўлена на зімовае захоўванне, усюды прыбрана і дагледжана. Вось ужо 11 гадоў кіруе тут сапраўдны гаспадар, адказны чалавек і прафесіянал сваёй справы старшы майстар Генадзь Рамановіч.
Ён з ліку тых, пра каго гавораць, што чалавек на сваім месцы. Свае абавязкі ён выконвае дасканала. Адносіны да тэхнікі ў Генадзя Мікалаевіча асаблівыя, закладзеныя яшчэ ў дзяцінстве. Бацька яго быў вадзіцелям і механікам. Сын браў з яго прыклад і таксама цікавіўся тэхнікай. З ёй і вырашыў звязаць свой прафесійны лёс.
Пасля школы хлопец скончыў Відзаўскае СПТВ. Перад вачамі стаялі вопытныя выкладчыкі. Падобным на іх хацеў быць і Генадзь, таму скончыў яшчэ і Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. А потым вярнуўся ў роднае вучылішча. За 22 гады ва ўстанове займаў пасады механіка, майстра, а зараз працуе старшым майстрам.
Ён адказвае за вучэбныя майстэрні. Кіруе інжэнерна-тэхнічнай службай і майстрамі, арганізуе і кантралюе вытворчае навучанне. Адной толькі тэхнікі больш за 100 адзінак. Ёсць і новая, і якая праслужыла шмат гадоў. І, трэба сказаць, уся яна дагледжаная, спраўная.
Тэхніка вучэбнай гаспадаркай апрацоўвае зямлю, рыхтуе кармы. Акрамя таго, аказвае шэфскую дапамогу сельгаспрадпрыемствам раёна і мясцовым жыхарам.
У падначаленні Генадзя Мікалаевіча 24 чалавекі. Усе яны вопытныя і адказныя, і кожны з іх можа сказаць толькі добрыя словы ў адрас старшага майстра. Хваліць яго і дырэктар каледжа Міхаіл Смірноў. Заўважае, што на Генадзь Мікалаевіч ніколі не падвядзе, а справа, даручаная яму, будзе выканана абавязкова ў тэрмін і якасна.
Гэтаму вучыць Г. Рамановіч і навучэнцаў каледжа. На сваіх практычных занятках ён не проста выкладае матэрыял, а заўважае адметныя здольнасці студэнта і ўжо ў гэтым русле працуе, падбірае да кожнага сваю методыку выкладання.
Г. Рамановіч — прафесіянал сваёй справы, і для калег, навучэнцаў установы сапраўдны прыклад адказных і добрасумленных адносін да работы. За гэта ён і адзначаны падзячным лістом райвыканкама.
Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.
