Сыр плача — майстар смяецца

Главное

IMG_2142 (Small)Літаральна на днях Браслаўскі філіял ААТ “Глыбоцкі МКК” адзначыў сваю першую гадавіну адкрыцця пасля кардынальнай і маштабнай рэканструкцыі. А першыя крокі, як вядома, заўсёды самыя складаныя і цяжкія. Тым не менш наш малаказавод паспеў за гэты кароткі тэрмін трывала заявіць пра сябе і дастойна заваяваць нішу як на ўнутраным, так і на знешнім рынку гандлю. З якімі вынікамі калектыў завода пераступіў гэты рубеж ішла размова з яго маладым і дзейным дырэктарам Віталем Далжэнка.
Віталь Мікалаевіч, кажуць, калі сыр плача — майстар смяецца. Ці так гэта?
Гэта праўда. З даўніх часоў якасць сыру вызначалі па кропельках на яго “вочках”. Калі на зрэзы сыру з’яўляецца маленькая “сляза”, значыць, ён вытрыманы пры патрэбным тэмпературным рэжыме. Гэта самы дакладны барометр якасці. Да таго хачу параіць гаспадыням. Каб адчуць усе смакавыя тонкасці, увесь водар гэтага карыснага прадукту, сыр трэба хвілін 15-20 патрымаць пры пакаёвай тэмпературы пасля таго, як яго дасталі з халадзільніка і толькі потым падаваць на стол.
А наогул культура спажывання сыру ў нашай краіне значна павысілася. Калі раней ён разглядаўся ў асноўным як дадатак да стравы, то сёння з’яўляецца на сталах у выглядзе асобных сырных закусак, падаецца да гарбаты і кавы.
— Скажыце, калі ласка, з якімі вынікамі прадпрыемства сустракае першую гадавіну?
За гэты год мы поўнасцю запусцілі ўсё прадпрыемства, устанавілі фасовачную лінію. Выйшлі на рынкі не толькі Беларусі, заявілі пра сябе ў Расіі і Казахстане. На сёння завод выпускае 21 від паўцвёрдых і цвёрдых сыроў, сярод якіх як і больш звыклыя для пакупніка “Расійскі”, “Галандскі”, “Пашэхонскі”, так і элітныя гатункі “Памерзан”, Гройцер”, “Браслаўль” і іншыя. І асартымент пастаянна пашыраецца, уся наша прадукцыя разлічана на разнастайны густ пакупніка. Наладжана таксама вытворчасць сметанкова-тварожнай прадукцыі, аналагаў якой у нашай краіне пакуль што няма.
Як гэта ўсё выглядае ў лічбах?
У суткі мы перапрацоўваем 110 — 120т малака, 50т з якіх пастаўляюць сельгаспрадпрыемствы раёна, а 75т — літоўскія фермеры. Гэтая колькасць сыравіны дае магчымасць выпускаць 10 — 11т сутачнай нормы прадукцыі. Паколькі наша прадпрыемства экспартнаарыентаванае, то 92% прадукцыі ідзе за мяжу, у асноўным на расійскі рынак. Астатняя паступае ў раённыя магазіны райпа і еўраопт, а таксама ў фірменныя кропкі завода, адна з якіх на яго тэрыторыі, дзве ў сталіцы — на Камароўскім рынку і ГЦ “Ждановічы”.
— Нпэўна, на гэтым вы не спыніцеся.
Так. У планах павялічэнне магутнасці нашага завода, што дасць магчымасць пашырыць і аб’ём вытворчасці прадукцыі да 12т у суткі. У задумах выпуск сыроў са спецыямі, з араматам кавы, фісташкамі, прадукцыі з біфідабактэрыямі. У першым квартале будучага года плануем набыць слайсерную машыну для нарэзкі сыра. Як бачыце, планаў многа.
Віталь Мікалаевіч, некалькі слоў пра калектыў.
На прадпрыемстве кругласутачна па зменах працуюць 127 чалавек, і кожны на сваім участку работы клапоціцца пра якасць і смак прадукцыі. Трэба адзначыць, што харчовая прамысловасць — гэта карпатлівая праца. А складанасць нашай вытворчасці заключаецца яшчэ і ў тым, што на перапрацоўку сыравіны ёсць толькі 36 гадзін. Але калектыў, які складаецца з сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, выдатна спраўляецца з пастаўленай задачай, бо ўсе могуць прымаць хуткія кампетэнтныя рашэнні, за што ім вялікі дзякуй. З такімі людзьмі працаваць адно задавальненне.
У сваю чаргу і адміністрацыя стараецца стварыць камфортныя ўмовы для работы. Усе маюць грунтоўны сацыяльны пакет, выплачваецца 13-я зарплата, матэрыяльная дапамога да водпуску. Дапамагаем супрацоўнікам у розных непрадбачаных сямейных абставінах. Не застаецца па-за ўвагай культурнае жыццё. Удзельнічаем мы і ў разнастайных раённых спаборніцтвах і мерапрыемствах.
Напярэдадні свята ўсім работнікам завода жадаю здароўя, дабрабыту і далейшых поспехаў у нашай нялёгкай, але такой патрэбнай справе.
Як бачным, першыя крокі нашых сыраробаў атрымаліся трывалыя, упэўненыя і выніковыя, пра што сведчаць і шматлікія дыпломы рознага ўзроўню, атрыманыя на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

Алена Пятушка.