Змяняецца час, пакаленні спецыялістаў і рабочых хлебазавода, толькі нязменным застаецца іх клопат пра хлеб надзённы. І сёння ва ўмовах жорсткіх рыначных адносін калектыў завода працуе над павышэннем канкурэнтаздольнасці сваёй прадукцыі і прапаноўвае пакупнікам хлебабулачныя і кандытарскія вырабы высокай якасці. Да таго ж тут упарта працуюць над пашырэннем іх новых відаў.
Як паведаміла начальнік вытворча-тэхнічнай лабараторыі Галіна Карла, сёння нашы хлебапёкі выпускаюць да 40 відаў пшанічна-ржаного хлеба подавага і фармавога, 50 відаў булачных і 70 відаў кандытарскіх вырабаў. За суткі яны выпякаюць каля 4,7т хлебабулачных і каля 200 кг кандытарскіх вырабаў.
Стараемся вытрымліваць, — кажа Г. Карла, — усе вытворчыя параметры: індэкс фізічнага аб’ёму, рэнтабельнасць вытворчасці продажу, якасць і пры гэтым, як кажуць, лічым кожную капейку.
Вялікую ўвагу на заводзе надаюць і свежай інфармацыі пра апошнія дасягненні ў харчовай галіне, зменах на рынку сыравіны. Спецыялісты завода знаходзяцца ў пастаянным пошуку. Тэхнолагі, работнікі вытворча-тэхнічнай лабараторыі распрацавалі за мінулы перыяд гэтага года 11 рэцэптур хлебабулачных і 19 кандытарскіх вырабаў.
Радуюць пакупнікоў і майстры кандытарскай справы. Разнастайныя тарты, прысмакі прыйдуцца да спадобы многім ласунам. Да таго ж феі салодкай краіны пад заказ створаць цудоўныя вырабы да любой урачыстасці з адпаведнай сімволікай.
Абнавілі супрацоўнікі хлебазавода, адзначае Г. Карла, і асартымент ўласных безалкагольных напіткаў. На прылаўках магазінаў можна знайсці іх 15 відаў як з экзатычным, так і знаёмым з дзяцінства смакам.
Большую частку выпускаемай прадукцыі завод рэалізуе жыхарам Браслаўшчыны. У зоне абслугоўвання таксама і тэрыторыі Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Карыстаецца наша прадукцыя попытам і ў буйных гарадах — Полацку, Наваполацку, Лагойску, Віцебску і Мінску.
Варта адзначыць, што Браслаўскі хлебазавод з’яўляецца пастаянным удзельнікам выстаў і кірмашоў розных узроўняў. Яго прадукцыя адзначаецца граматамі і дыпломамі. Так, сёлета руплівая праца кандытараў прынесла калектыву залаты медаль на 10-ай Міжнароднай выставе «Хлебная і кандытарская справа».
— Працоўны калектыў завода, — засяроджвае ўвагу старшы майстар вытворчага ўчастка Ірына Суханава, — дружны і дзеяздольны. Вядома ж, тон ва ўсім задаюць вопытныя спецыялісты і сумленныя работнікі, такія як Валянціна Трышчынская, Алена Ванага, Марына Круміна і Марына Угрыноўская. Несумненна, важкі ўклад у хлебабулачную справу ўносіць і моладзь.
Так, дзякуючы прафесіяналізму і працавітасці ўсіх работнікаў Браслаўскага хлебазавода, кожную раніцу на прылаўкі нашых магазінаў паступае смачны духмяны хлеб, які карыстаецца попытам не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.
Начальнік лабараторыі Г. Карла і старшы майстар І. Суханава прадстаўляюць прадукцыю свайго прадпрыемства.
