Сёння ў Беларусі меліярацыя ахоплівае каля трох мільёнаў гектараў – гэта практычна трэцяя частка ўсіх сельгасугоддзяў. Як вядома, меліярацыйныя работы павышаюць урадлівасць зямлі, дазваляюць эфектыўна выкарыстоўваць усе рэсурсы.
Свой уклад у гэтую важную справу ўносяць і браслаўскія меліяратары. Адзін з іх – машыніст бульдозера Аляксандр Казура. Сустракаюся з ім на ўчастку Купчэлі СВК «Маяк Браслаўскі», дзе ён ужо некалькі месяцаў разам з іншымі работнікамі Міёрскага ПМС праводзіць культуртэхнічную меліярацыю на неасушаных землях.
Нарадзіўся Аляксандр на Пастаўшчыне, але потым бацькі пераехалі ў Літву, дзе прайшло яго юнацтва, там жа атрымаў адукацыю і зрабіў першыя крокі ў прафесіі. Так склаўся лёс, што ў 90-я гады Аляксандр вярнуўся ў Беларусь, на Браслаўшчыну, і ўжо 25 гадоў працуе ў мясцовай меліярацыі.
На сваім магутным (не новым, аднак надзейным) бульдозеры БТ 10М ён дзень за днём рупліва працуе на разнастайных аб’ектах: выкарчоўвае дрэвы і хмызняк, раўнуе зямлю, нагортвае земляныя валы і інш. А вынікам зладжанай сумеснай работы меліяратараў становяцца гектары ачышчаных ад расліннасці, асушаных, палепшаных і ўведзеных у севазварот зямель для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. ■
Тэкст і фота Андрэя БУРЦА.
