Ёсць такія людзі, пра якіх можна сказаць, што на іх сёння трымаецца сельская гаспадарка. І гэта не будзе прыгожымі словамі ці перабольшаннем. Да такіх з поўным правам можна аднесці брыгадзіра вытворчай брыгады ў жывёлаводстве КУСП «Браслаўскі» Алу Фякліставу.
Мяркуйце самі, з 2017 года яна ўзначальвае калектыў малочнатаварнай фермы «Цяцеркі», адначасова выконвае тут абавязкі аператара па штучным асемяненні. А з мінулага года, калі выйшла на пенсію адна з дзвюх аператараў машыннага даення, ёй даводзіцца яшчэ і даіць кароў. Вось колькі няпростых абавязкаў ускладзена на яе далікатныя жаночыя плечы. І яна з імі паспяхова спраўляецца: у памяшканнях і на тэрыторыі фермы пануе парадак, каровы, цялушкі дагледжаны і накормлены, усе прадстаўнікі невялікага калектыву з васьмі чалавек сваю няпростую працу выконваюць дысцыплінавана ды сумленна.
Ала нарадзілася ў суседніх з Цяцеркамі Шаўлянах. У сельскую гаспадарку прыйшла не адразу, спачатку працавала ў гандлі. Але калі ў 2001 годзе закрыўся мясцовы магазін, прыняла прапанову і ўладкавалася на ферму лабарантам. Ніякай спецыяльнай адукацыі ў яе не было, усе патрэбныя для работы веды і навыкі жывёлагадоўчай галіны засвойвала на практыцы.
Летась сумленная праца Алы Фякліставай была адзначана Падзякай начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Браслаўскага райвыканкама, а сёлета – Ганаровай граматай упраўлення. ■
Андрэй БУРЭЦ. Фота аўтара.
