Безаварыйную і бесперапынную работу Браслаўскай вытворчасці ААТ «Віцебскхлебпрам» забяспечвае вядучы энергетык Станіслаў Марцінкевіч

Люди
Браслаўскі хлебазавод быў уведзены ў эксплуатацыю ў сакавіку 1991 года, а ў маі Станіслаў Марцінкевіч уладкаваўся туды электрыкам. Увесь яго будучы працоўны лёс аказаўся звязаны з гэтым прадпрыемствам.

Станіслаў прыгадвае, што кандыдатаў было многа і тое, што яго, нядаўняга выпускніка Віцебскага электратэхнікума сувязі, узялі на гэтае месца, можна назваць удачай. За мінулыя гады ён прайшоў шлях ад электрыка да вядучага энергетыка Браслаўскай вытворчасці ААТ «Віцебскхлебпрам» і стаў высокакваліфікаваным спецыялістам, які добра ведае спецыфіку работы прадпрыемства. У сферы яго адказнасці знаходзіцца абслугоўванне разнастайнага абсталявання, электра- і цеплавая гаспадарка, работа газавай кацельні. Шматгадовы вопыт і набытыя прафесійныя веды дазваляюць яму паспяхова выконваць свае абавязкі, а таксама аказваць дапамогу па рамонце і абслугоўванні іншай завадской апаратуры. Словам, Станіслаў – адзін з тых спецыялістаў, якія забяспечваюць безаварыйную і бесперапынную работу вытворчых ліній.

Браслаўская вытворчасць ААТ «Віцебскхлебпрам» традыцыйна з’яўляецца вялікім і важным для горада прадпрыемствам перапрацоўчай прамысловасці, якое забяспечвае прадукцыяй не толькі наш раён, а і іншыя рэгіёны. У суткі тут выпускаецца ад 5 да 8 тон хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў 20 – 30 найменаванняў, а таксама шырокі асартымент безалкагольных напіткаў і пітной вады. ■

Андрэй БУРЭЦ. Фота аўтара.