Настаўнік фізкультуры з Браслаўскага раёна: «Спорт фарміруе характар, што вельмі важна для сённяшняй моладзі»

Люди
Юныя спартсмены Браслаўскай сярэдняй школы № 2 імя З. Я. Кожар штогод удзельнічаюць у шматлікіх спаборніцтвах, становяцца пераможцамі і прызёрамі ў раёне і вобласці, прадстаўляюць сваю ўстанову адукацыі і на рэспубліканскім узроўні. Здольнасць навучэнцаў утрымліваць лідарскія пазіцыі ў многім залежыць ад умення іх трэнераў абудзіць інтарэс да заняткаў спортам. Гэта выдатна атрымліваецца ў настаўніка фізічнай культуры і здароўя, дапрызыўнай падрыхтоўкі Аляксея Салака.

Яшчэ падчас вучобы ў Ахрэмаўскай СШ ён натхніўся прыкладам свайго педагога Анатоля Жураўлёва і паступіў у Акадэмію фізічнага выхавання і спорту, якую скончыў з адзнакай. Малады спецыяліст уладкаваўся ў Сувораўскае ваеннае вучылішча, дзе набыў шмат вопыту, мае ён і званне афіцэра запасу. Аднак праз 4 гады пацягнула назад на Браслаўшчыну: вабіла прыгожая прырода і магчымасць ладзіць паходы па роднай мясцовасці.

Працу ў Мількаўскай СШ Аляксей Вайцехавіч лічыць перыядам свайго прафесійнага росту і называе «залатым часам» для творчасці, эксперыментаў, з цеплынёй узгадвае калег, а таксама дзяцей – спартыўных і зацікаўленых. Станаўленне яго як настаўніка прадоўжылася ў Ахрэмаўскай СШ і гімназіі, таму ў 2013 годзе ў ў другую гарадскую школу А. Салак прыйшоў з багажом вопыту, сур’ёзнымі адносінамі да справы і ўстаноўкай аддзела адукацыі «развіваць лыжы».


«Сучасны спорт, асабліва аматарскі біятлон, патрабуе шмат укладанняў, – кажа Аляксей Салак. – Патрэбны добрыя лыжы і палкі, абутак з падтрымкай галенастопа, спецыяльная форма, парафінавыя паскаральнікі для змазкі, дакладная зброя. Прыемна, што дырэктар гэта разумее і ідзе нам насустрач. І тое, што ў выніку нашы дзеці сур’ёзна канкурыруюць з выхаванцамі спецыялізаваных школ, дарагога каштуе». За гады сістэмнай працы педагог адкрыў нямала спартыўных «зорачак», якімі заслужана ганарыцца, сярод іх Кірыл Зянчонак, Дар’я Гембіцкая, Максім Далецкі, а былая вучаніца – ахрэмаўчанка Наталля Карніцкая – увогуле ўвайшла ў нацыянальную зборную па біятлоне.


Ён уліўся ў новы калектыў і, спалучаючы педагагічнае майстэрства, веданне падлеткавай псіхалогіі і асабісты прыклад, імкнуўся заахвоціць як мага больш навучэнцаў да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам. Працаваў з дзецьмі яшчэ з пачатковых класаў, літаральна з нуля развіваў матэрыяльна-тэхнічную базу для біятлону, лыжных гонак, стральбы – і паступова ў школе выхавалася новае пакаленне, надзвычай захопленае гэтымі відамі спорту. Першыя месцы ў раёне, годныя выступленні ў вобласці і магчымасць далучыцца да рэспубліканскага праекта «Снежны снайпер» – спаборніцтваў сярод дзяцей і моладзі на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба – надавалі навучэнцам імпэту. А таксама неверагодная зацікаўленасць іх настаўніка, які сам бегае на лыжах, страляе, выпрабоўвае розныя тэхнікі. Не апошнюю ролю адыгралі набытыя пры значнай падтрымцы кіраўніка ўстановы адукацыі Анатоля Невярковіча спартыўны рыштунак і добрая экіпіроўка, якія абышліся ў 7 тыс. руб.

Аляксей Вайцехавіч бачыць у аматарскім спорце шмат плюсаў: у ім няма такіх нагрузак, як у прафесійным, у дадатак падчас заняткаў адбываецца не толькі фізічнае развіццё падлеткаў, а і выпрацоўваюцца маральныя якасці, фарміруецца характар, што вельмі важна для сённяшняй моладзі. Дарэчы, спрыяе гэтаму і спартыўны турызм, якім захапляецца педагог. Менавіта так і падыходзіць да сваёй справы А. Салак: можа, загартаваўшыся фізічна, яго навучэнцы не абавязкова стануць вядомымі спартсменамі, але, спадзяецца, яны вырастуць годнымі людзьмі з правільнымі жыццёвымі поглядамі і здольнасцю прыносіць карысць грамадству. ■

 

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.