Браслаўчанка: «Удзел ва Усебеларускім народным сходзе — вялікі гонар і яшчэ большая адказнасць»

Люди
На гэтым тыдні, 9 красавіка, адбылася пазачарговая сесія Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, на якой былі абраны 44 дэлегаты Усебеларускага народнага сходу ад мясцовых Саветаў дэпутатаў паўночнага рэгіёна.

Так, дэлегатамі ўсебеларускага форуму сталі прадстаўнікі самых розных сфер дзейнасці – прамысловасці, аховы здароўя, прадпрымальніцтва,адукацыі, сацыяльнай галіны. Як адзначыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, гэтыя людзі добра вядомыя ў сваім прафесійным асяроддзі і рэгіёнах, валодаюць заслужаным аўтарытэтам, бо дасягнулі пэўных вынікаў у працоўнай дзейнасці і пры гэтым маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. «Такі сплаў патрыятызму і прафесіяналізму, неабыякавасці да палітычных працэсаў у краіне, грамадзянскай актыўнасці стаў ключавым фактарам, што паўздзейнічаў на рашэнне даверыць прадстаўляць менавіта гэтым дэлегатам інтарэсы Віцебшчыны», – падкрэсліў Д. Дзямідаў.


На Усебеларускі народны сход ад паўночнага рэгіёна абралі 9 дэлегатаў ад абласнога Савета дэпутатаў, 18 – ад базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, 17 – ад пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню.


У ліку прадстаўнікоў Віцебшчыны – наша зямлячка, старшыня Мяжанскага сельсавета Жанна Акула. Жанна Міхайлаўна добра вядомая браслаўчанам як дзейсны прадстаўнік мясцовай улады, дэпутат райсавета і чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, які клапоціцца пра людзей, што жывуць на падведамнай тэрыторыі (падрабязна пра жыццёвы шлях і дэпутацкую дзейнасць Ж. Акулы «Браслаўская звязда» пісала ў № 33 у 2023 годзе). Нездарма ёй ад пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню даверана прадстаўляць раён на УНС.

– Для мяне ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе – вялікі гонар, але і яшчэ большая адказнасць,асабліва цяпер, калі пасля рэферэндуму УНС набыў новы статус і перад ім столькі задач дзяржаўнай важнасці, – кажа Жанна Акула. – На працягу 5 гадоў абраныя дэлегаты будуць прымаць фундаментальныя рашэнні па самых важных пытаннях развіцця нашай краіны, і я расцэньваю выказаную маімі землякамі падтрымку і як узнагароду, і як давер, а таксама ўпэўненасць, што пытанні людзей будуць данесены і пачуты на самым высокім узроўні. Спадзяюся, што мой вопыт, назапашаны шматгадовай працай, а таксама вопыт і веды іншых дэлегатаў дазволяць зрабіць важкі ўклад у работу Усебеларускага народнага сходу. Нам патрэбны мір і стабільнасць, і мы гатовы працаваць на карысць нашай Беларусі!

Нагадаем, што дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу ад Браслаўшчыны таксама сталі Алена Мацеша, дэпутат Вайнюнскай выбарчай акругі № 19, урач агульнай практыкі, загадчыца Опсаўскай амбулаторыі (ад раённага Савета дэпутатаў), і Алена Гірон, дырэктар Браслаўскай гімназіі (ад грамадскай арганізацыі РГА «Белая Русь»). ■

Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.