Браслаўчане сталі пераможцамі абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы

Год качества
У Віцебску падвялі вынікі абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы ў прафсаюзных арганізацыях аграпрамысловага комплексу за 2023 год. Сярод узнагароджаных – браслаўчане.

Ад наладжанай сістэмы аховы працы на прадпрыемстве залежыць многае, а ў першую чаргу здароўе і бяспека работніка. Грамадскі ж інспектар ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства па ахове працы, сочыць за адпаведнымі мерапрыемствамі, выдае рэкамендацыі наймальніку па выпраўленні недахопаў і інш.

Па выніках абласнога агляду лепшым грамадскім інспектарам прызнана Анастасія Трашчынская з СВК «Маяк Браслаўскі». Узнагароду яна атрымала з рук старшыні абкама АПК Таццяны Дзіканавай на XIV Пленуме арганізацыі ў Віцебску.

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя філіяла «Браслаўрыба» заняла ў конкурсе трэцяе месца. Дыплом і кветкі яе старшыні Алене Нізюлька ўручыў Мікалай Вялічка, старшыня райкама АПК, прама на працоўным месцы ў прысутнасці калег. «Мы нават не ўяўлялі, што нашу дзейнасць адзначаць так высока. Для пярвічкі арганізацыі атрымаць дыплом – ганарова. Будзем і надалей выконваць свае грамадскія абавязкі і сачыць за аховай працы на належным узроўні», – адзначыла А. Нізюлька. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.