Народны хор ветэранаў Браслаўскага РЦК прыняў удзел у абласным творчым конкурсе

Новости
Народны хор ветэранаў вайны і працы Браслаўскага РЦК прыняў удзел у абласным аглядзе-конкурсе «Не старэюць душой ветэраны».

Браслаўчане прэзентавалі 15-хвілінную праграму, якая ўключала разнажанравыя творы. Гэта быў міні-канцэрт з вядучай, з аб’яўленнем артыстаў. Таксама яны зрабілі відэаролікі да кожнай песні. На абласной сцэне, акрамя нумароў, выкананых хорам, адбылося выступленне і створанай пры ім вакальнай групы «Весялухі», дуэта Васіля Жалудкевіча і Леаніда Лемяшонка, прагучалі вершы ў выкананні Антаніны Лемяшонак.

«У калектыве – людзі рознага ўзросту з Браслава і Ахрэмаўцаў, – расказала кіраўнік хору Наталля Няміра. – Старэйшым удзельнікам Антаніне і Леаніду Лемяшонкам спаўняецца па 85 гадоў! Лічу, што мае артысты справіліся вельмі добра. Яны вялікія малайцы. У хору было адно жаданне – годна выступіць, і гэта атрымалася. Нягледзячы на хваляванне, доўгую дарогу і вялікую канкурэнцыю, нас заўважылі і ацанілі».

Па выніках агляду-конкурсу браслаўчане атрымалі дыплом І ступені ў намінацыі «Харавыя спевы», сталі лаўрэатамі ІІ ступені ў намінацыі «Вакальны ансамбль», дуэт у складзе Леаніда Лемяшонка і Васіля Жалудкевіча заваяваў дыплом І ступені, а Антаніна Лемяшонак, аўтар і чытач вершаў народнага хору ветэранаў вайны і працы, атрымала дыплом «За лепшы аўтарскі твор» з прысуджэннем звання «Лаўрэат». ■

Алена НАБЕЕВА.