Дапамога птушкам: у нацыянальным парку «Браслаўскія азёры» развешваюць новыя шпакоўні

Отдых
У Беларусі зарэгістраваны 333 віды птушак, многія з іх на зімоўку адлятаюць у больш цёплыя краіны, а вясной зноў вяртаюцца да нас.

Штогод ва ўсім свеце 1 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень птушак, яго мэтай з’яўляецца захаванне іх відавой разнастайнасці і колькасці. Для таго, каб дапамагчы крылатым сябрам, можна пабудаваць для іх «хату» – штучнае гняздо, шпакоўню, каб яны маглі без асаблівых складанасцей выгадаваць нашчадкаў.

Напрыклад, у нацыянальным парку існуе традыцыя кожную вясну развешваць новыя шпакоўні. У гэтым годзе абаронцы прыроды зноў змайстравалі птушыныя «хаткі». На мінулым тыдні супрацоўнікі нацпарка разам са сваімі падапечнымі – вучнямі класа «Лясной акадэміі» з СШ № 2 імя З. Я. Кожар – і начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталіем Будой развесілі новыя шпакоўні ў лясным масіве Рацкага бору. Так птушкі ў хуткім часе адзначаць наваселле. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.