Прадпрымальніцтва набірае размах і «барышы з Прыбалтыкі». Пра што пісала «Браслаўская звязда» ў 1994 годзе

Отдых

ГАНАРОВЫЯ ЗНАКІ ВЕТЭРАНАМ

Зусім недалёка 50-я ўгодкі вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму прынята рашэнне ўручыць былым воінам, партызанам і падпольшчыкам ганаровыя памятныя знакі «За вызваленне Беларусі». З гэтай нагоды прэзідыум раённага савета ветэранаў просіць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны падаць пісьмова звесткі са сваімі данымі.

НА РЫНКУ ПРАЦЫ

Сёлета ў раённы цэнтр занятасці насельніцтва звярнуліся 111 чалавек, 96 з іх прызнаны беспрацоўнымі. Дапамога па беспрацоўі выплачваецца 109 жыхарам раёна, рабочымі месцамі забяспечаны 38. Становішча тым часам пагаршаецца: ужо ў сакавіку-красавіку застануцца без працы 7 чалавек у гарпо, 23 – у сельгастэхніцы, 69 – у аўтабазе. І гэта суровая рэальнасць.

ТУДЫ – З ТАВАРАМІ, НАЗАД – З «ЗЯЛЁНЕНЬКІМІ»

Сказаць, што граніца на замку, не бяруцца нават самі пагранічнікі. Таму і не змяншаецца апетыт у людзей, ахвочых да вялікіх і лёгкіх грошай. Адным прададзеныя ў Прыбалтыцы тавары прынеслі барышы, а некаму так не пашчасціла: суд канфіскаваў 11 т каляровага лому, грузавік з яйкамі праваліўся пад лёд, пагранічнікі рэгулярна затрымліваюць «карабейнікаў» з хлебам, тварагом і інш.

ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА НАБІРАЕ РАЗМАХ

На пасяджэнні райвыканкама разглядалі 40 заяў грамадзян, якія выказалі жаданне пачаць сваю справу ў гандлёвай дзейнасці альбо пашырыць ці змяніць яе характар. Асноўная маса пачынаючых бізнесменаў прасіла дазволу і ліцэнзіі на продаж харчовых і прамысловых тавараў, тытунёвых вырабаў на рынку. Людзі ж з вопытам і капіталам вырашылі адкрыць ларкі і крамы.

ЧП МЯСЦОВАГА ЗНАЧЭННЯ

Восьмага сакавіка ў калгасе «Уперад» здарылася мясцовае ЧП. Пакуль сумленныя працаўнікі адпачывалі, зламыснік залез на склад у в. Відзішкі, адкуль вынес рознага дабра прыблізна на 300 тыс. руб. Былі там лямпачкі і гаечныя ключы, аптэчкі і электралічыльнікі, брускі і цапы для бензапіл – усё надзвычай дарагое і дэфіцытнае, што калгас трымаў для ўласных патрэб.

ШТО МЫ ЯДЗІМ У

гандлёвых кропках горада часам можна набыць нясвежыя малочныя прадукты, заляжалыя пірожныя, кулінарныя паўфабрыкаты і інш. Праведзены рэйд пацвердзіў: прадаўцы не захоўваюць тэмпературны рэжым, парушаюць тэрміны захоўвання тавараў. У кулінарыі ўвогуле пабілі ўсе рэкорды з адваранай ялавічынай, прыгатаванай тры тыдні таму назад, а ў кафетэрыі нават няма халадзільнай вітрыны. Пры сённяшніх шалёных цэнах крыўдна плаціць за няякасны прадукт. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.