Браслаўчане далучыліся да мерапрыемстваў, прысвечаных Дню памяці ахвяр Хатынскай трагедыі

Да 80-годдзя вызвалення Беларуси
У дзень памяці Хатынскай трагедыі – 22 сакавіка – тэматычныя мерапрыемствы прайшлі па ўсёй Беларусі. На Браслаўшчыне мітынг-рэквіем адбыўся на мемарыяле знішчанай і дагэтуль не адноўленай вёскі Лабэцкія Опсаўскага сельсавета.

Тут у лютым 1943 года здарылася жудасная трагедыя: немцы расстралялі 28 жанчын, дзяцей і старых пасля таго, як даведаліся, што жыхары вёскі па чарзе хавалі ў сябе старога яўрэя. Мужчыны з Лабэцкіх у гэты дзень ездзілі ў Браслаў здаваць харчовы падатак, таму і засталіся жывыя. Пасля расстрэлу карнікі яшчэ тыдзень не давалі пахаваць забітых. Вёска не аднавілася…

Увогуле на Браслаўшчыне ад рук фашыстаў пацярпела звыш сотні вёсачак. У некаторыя з іх жыццё так і не вернулася. Пра тое, што наша пакаленне павінна памятаць і не забываць жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, данесці гістарычную праўду нашчадкам, казалі і ўдзельнікі мітынгу. Ушанаваць памяць ахвяр у гэты дзень сюды прыехалі старшыня райсавета Ніна Пучынская, пракурор раёна Юрый Кезік, старшыня СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель, прадстаўнікі сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, школьнікі. Вучні Опсаўскай сярэдняй школы падрыхтавалі кранальную тэатралізаваную пастаноўку, актыў БРСМ запаліў лампадкі.

«У памяці беларускага народа назаўжды застанецца Хатынская трагедыя, якая сімвалізуе сабой боль усіх спаленых вёсак, расстраляных і закатаваных беларусаў. Наш абавязак – не забываць пра Вялікую Айчынную вайну», – адзначыла Н. Пучынская.

Памяць загінулых прысутныя ўшанавалі мінутай маўчання, усклалі кветкі да помніка і пастаялі, схіліўшы галовы, перад бязвіннымі ахвярамі ваеннага ліхалецця. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.