Імёны герояў. Хто такія браты Васілеўскія і чаму ў іх гонар назвалі вуліцу ў Браславе

Да 80-годдзя вызвалення Беларуси
Вуліцы беларускіх гарадоў нярэдка носяць імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць такія і на Браслаўшчыне. Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ў рубрыцы «Іх імёнамі названы вуліцы» «Браслаўская звязда» будзе расказваць пра асоб, памяць якіх увекавечана ў гарадской інфраструктуры.

Распачнём з вуліцы Братоў Васілеўскіх. Пра іх уклад у вызваленчы рух на Браслаўшчыне нам паведаміла навуковы супрацоўнік Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Ірына Макарэвіч:

– Браты Васілеўскія займаліся падпольнай дзейнасцю ў нашым раёне падчас Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Васілеўскі – стваральнік першай антыфашысцкай арганізацыі на тэрыторыі раёна. Ён скончыў юрыдычны факультэт Пражскага ўніверсітэта, валодаў трыма замежнымі мовамі. Адукаваны, вытрыманы, тактычны, абаяльны чалавек, а галоўнае – гарачы патрыёт, Аляксей Аляксеевіч разумеў, што найвялікшую карысць можа прынесці, застаючыся ў тыле ворага. Начальнік Браслаўскага НКУС Т. Шышын прапанаваў яму арганізаваць падпольнае супраціўленне. Беспартыйны Аляксей Васілеўскі не выклікаў падазрэння ў акупантаў і атрымаў пасаду намесніка браслаўскага раённага бургамістра. Сваё службовае становішча ён выкарыстоўваў для арганізацыі падполля і абароны насельніцтва. Ад яго партызаны атрымлівалі звесткі пра дыслакацыю і ўзбраенне нямецкіх гарнізонаў на Браслаўшчыне.

Невялікі пакой Аляксея ў бацькоўскім доме па вуліцы Савецкай стаў першым штабам створанага падполля. Сюды прыязджаў са Слабодкі яго брат Дзмітрый. Тут яны дамаўляліся пра свае планы, вырашалі, каго яшчэ прыцягнуць да работы. У падпольнай дзейнасці А. Васілеўскаму дапамагала яго вытрымка і веданне нямецкай мовы. Некаторую ролю адыграла і тое, што непасрэдны начальнік бургамістр Кавальскі быў даўнім знаёмым Аляксея і падтрымаў яго пры прыёме на работу. Сам Кавальскі быў у добрых адносінах з гаўляйтарам Кубэ (кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі Беларусі), з якім разам вучыўся ў Аўстрыі.


Свой аўтарытэт ва ўправе Аляксей Васілеўскі выкарыстоўваў для выратавання людзей. Патрыё- таў ён характарызаваў як добранадзейных для акупантаў людзей. Да яго прыслухоўваліся палі- цэйскія і жандармскія чыноўнікі, яго просьбы пра вызваленне арыштаваных часта задавальняліся.


У верасні 1943 года падпольшчыка арыштавалі разам з братам і кінулі ў Глыбоцкую турму, дзе ён быў закатаваны да смерці.

Дзмітрый Васілеўскі па заданні спецыяльнага атрада НКУС застаўся ў тыле ворага, каб разам з братам Аляксеем весці падпольную работу і арганізоўваць партызанскі рух на Браслаўшчыне. Займаючы пасаду слабодкаўскага валаснога старасты, забяспечваў партызан зброяй, боепрыпасамі і медыкаментамі. Пасля арышту прайшоў праз лагеры смерці Асвенцім, Бухенвальд, Ордруф. У 1945 годзе быў вызвалены. Пасля вяртання ў Браслаў працаваў галоўным урачом паліклінікі, потым яго прызначылі дырэктарам і галоўным урачом рэспубліканскага санаторыя ў Браславе. Затым пэўны час жыў у г. Даўгаўпілс, дзе і памёр. ■