Пачытайце пра жыццёвы шлях ветэрана Івана Іванавіча Кожара, які жыве на Браслаўшчыне

Люди
Сёння сустрэча з удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны – сапраўдная падзея, сустрэча сам-насам з гісторыяй нашай Радзімы, яе душой, пачуццямі, перажываннямі і спадзяваннямі, а яго ўспаміны – праўдзівы аповед, без якога немагчыма зразумець гісторыю свайго мястэчка, горада, краіны. У нас на Браслаўшчыне жыве чалавек, які не з чужых слоў ведае пра вайну, які са зброяй у руках бараніў нашу Радзіму ад карычневай чумы, а потым паднімаў яе з пажарышчаў і руін. Я хачу расказаць пра цудоўнага чалавека, ветэрана вайны, заслужанага настаўніка Беларусі Івана Іванавіча Кожара, які цяпер жыве ў нашым аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Барунах і ў гэтым месяцы адзначыў свой 100-гадовы юбілей.

Дзяцінства, якога не было

Нарадзіўся Іван Іванавіч 3 студзеня 1924 года ў в. Алёнавічы Талачынскага раёна ў сялянскай сям’і. Яго бацька Іван Дзянісавіч ваяваў з немцамі ў час Першай сусветнай вайны, некалькі разоў быў паранены, атручаны газам, таму і памёр рана, яшчэ да нараджэння сына. Маці Марыя Маркаўна была прыгожай і працавітай, строгай да несправядлівасці. Магчыма, як народжаны пасля смерці бацькі, а таму і не вельмі жаданы, Ваня быў далёка не самым любімым дзіцём у сялянскай сям’і. І колькі ён сябе памятае, столькі і працаваў. Спачатку днём пасвіў гусей і качак, а вечарамі няньчыўся з малодшым братам. Падрос – стаў за плуг і ўзяў у рукі касу. Працаваў «на знос», бо ў той час выжыць мог толькі той, хто меў нешта сваё. Часу на адпачынак не было зусім, бо за любое непаслушэнства ці правіну маці ставіла яго ў кут на калені, дзе, здаралася, ён і засынаў ад стомленасці.

Крыху лягчэй жылося зімой, калі пачаў хадзіць у школу. Тады Ваню было 7 гадоў. Школа размяшчалася ў суседняй вёсцы, і прайсці сем кіламетраў па бездарожжы для маленькага хлопчыка было сапраўдным выпрабаваннем. Аднак разам з тым і гартаваўся характар Вані, станавіўся ўпартым, цвёрдым, непахісным, бо з 32 аднакласнікаў ён быў самым маленькім і худым, і адстаяць сваю годнасць сярод некалькіх дзясяткаў хлопчыкаў для яго было раўназначна абароне ўласнага права на жыццё.

А пасля школьных заняткаў Ваню чакала хатняя гаспадарка. У 10 гадоў ён умеў рабіць практычна ўсё: і шыць, і вязаць, і даглядаць жывёлу, касіць, араць, убіраць збажыну, спраўляцца з вупражжу.

«Дзяцінства ў мяне не было, – уздыхае Іван Іванавіч, – а калі і было, то я яго не памятаю. З ранніх гадоў пра сябе клапаціўся толькі сам. Калі ж прасіўся ў маці пагуляць з дзецьмі, то яна на мяне крычала: “А хто будзе карміць гаспадарку?” Так і жыў парабкам у роднай сям’і.

Старэйшы брат пасля школы паступіў у Віцебскі фінансава-эканамічны тэхнікум, потым закончыў Харкаўскае бранятанкавае вучылішча і ўжо ў чыне капітана загінуў пад Ленінградам.

Я ж да 41-га года закончыў толькі 8 класаў. Чаму? Прычын таму некалькі, а галоўная – нерэгулярнае наведванне школьных заняткаў, за што мяне часта пакідалі на другі год навучання. Не хапала абутку, не было цёплай вопраткі, трымалі работы па гаспадарцы».

Партызанскія будні

Акупанты прыйшлі ў вёску Алёнавічы неяк непрыкметна, і першае, што яны зрабілі, – назначылі сваіх гаўляйтэраў і прымусілі мясцовае насельніцтва атрымаць «аўсвайсы». Гэтыя паперкі замянялі чалавеку пашпарт, іх трэба было пастаянна мець пры сабе і кожны тыдзень адзначаць у воласці.

Сваю барацьбу з фашыстамі Іван пачаў у сорак першым, ратуючы ад палону савецкіх салдат, шасцярых з якіх ён разам са сваім сябрам Анатолем хаваў цэлую зіму, кожны дзень рызыкуючы быць схопленым і пакараным. Яшчэ хлопцы збіралі зброю і хавалі яе ў лесе. Менавіта з-за пісталета, схаванага ў хаце пад падушкай, пацярпеў Анатоль: яго схапілі ў час вобыску і потым расстралялі.

Іван, не чакаючы арышту і не жадаючы праблем сваім родным, перайшоў у лес і стаў народным мсціўцам. Для 18-гадовага юнака пачаліся партызанскія будні, дзе ён не хаваўся за спінамі сяброў, а дзейнічаў удумліва і разважліва, дзёрзка, абачліва і смела – так, як прывык рабіць гэта з маленства…


З асабістага лістка па ўліку партызанскіх кадраў (баявая характарыстыка, дадзеная кіраўніцтвам партызанскага атрада): «Тав. Кожар з’яўляецца адным са старэйшых партызан і арганізатарам партызанскага атрада. Пастаянны ўдзельнік баёў і засад. На сваім рахунку мае 18 чал. асабіста ім забітых немцаў. Пры яго ўдзеле засадамі забіта 192 чал. гітлераўцаў і знішчана 24 аўтамашыны. Кожар – выдатны разведчык і кулямётчык, свядомы і адданы партызан».


Лёс быў літасцівым да маладога народнага мсціўца: яму шанцавала падчас правядзення партызанскіх аперацый, у тым ліку падрыўных, дзе даводзілася мець справу з выбуховымі рэчывамі, таксама хлопец выплыў, тонучы ў ледзяной рацэ, пераадолеў тыф і сур’ёзнае раненне нагі.

Іван Кожар у 1941 – 1942 гадах быў сувязным, у 1942 – 1944 гг. ваяваў у радах партызанскага атрада імя Суворава брыгады Канстанціна Заслонава. Удзельнічаў у мініраванні дарог, мастоў, чыгункі Масква – Мінск, разгроме невялікіх гарнізонаў.

Адзначаны медалямі «За баявыя заслугі», «Партызан Айчыннай вайны», ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі.

Мірныя дні

Па рашэнні Талачынскага райкама партыі ў лістападзе 1944 года Іван Кожар быў прызначаны старшынёй калгаса. Аднак у мірны час яму не хапала адукацыі, і ў 1946 былы партызан паступіў у Мінскі фізкультурны тэхнікум.

«Чаму я стаў настаўнікам фізкультуры? Проста скажу: не было чаго есці, не было чаго апрануць, – узгадвае Іван Іванавіч. – Я меў права без экзаменаў паступаць як удзельнік вайны. І перш выбраў тэхнікум харчовай прамысловасці – аддзел хлебабулачных вырабаў, таму што галодны быў. Яго дырэктар, тоўсты такі, увесь тлушчам заплыў, спачатку мне адмовіў… Затым кажа, маўляў, прымае. Аднак інтэрната няма, стыпендыя толькі 100 рублёў, а ложак дзесьці паставіць каштуе 500. Зайшоў у палітэхнічны – тое ж самае: прымаем, але без інтэрната. Іду далей, бачу вялікую шыльду з маладым чалавекам у чырвонай майцы, сініх спартыўных трусах, белых тапачках: фізкультурны тэхнікум аб’яўляе набор. Падаў дакументы. Выходзіць дырэктар: «Мы вас прынялі». Стыпендыя на 1-м курсе 200 рублёў, выдаюць спартыўную форму летнюю, касцюм, тапачкі, нават шкарпэткі. Узімку – цёплы касцюм, чаравікі, шапачку. І інтэрнат. Ну чым не жыццё, праўда?»

Пасля заканчэння тэхнікума тры гады І. Кожар працаваў у Глыбоцкім педагагічным вучылішчы, там, дарэчы, сустрэўся з будучай жонкай Зінаідай Яўгенаўнай. І ў 1952 г. ужо маладая сям’я з дзіцём перабралася ў Браслаў, дзе Іван Іванавіч не адзін дзясятак гадоў выкладаў фізічную культуру ў СШ № 1 імя А. М. Жданава.

За добрасумленную працу І. Кожар у 1966 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі БССР, у 1971 г. адзначаны нагрудным знакам «Выдатнік народнай адукацыі». У 1975-м яму прысвоена званне «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР». У 2011 годзе Івану Іванавічу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Браслаўскага раёна».

І цяпер актыўны ветэран ахвотна сустракаецца з моладдзю, дзеліцца ўспамінамі і наказвае школьнікам любіць родную зямлю, быць сапраўднымі патрыётамі.

Жыццё, вартае павагі

Сёння, калі з пачатку Вялікай Айчыннай вайны прайшло не адно дзесяцігоддзе, мы нярэдка чуем словы пра тое, што гэта – мінулае. Аднак, слухаючы Івана Іванавіча Кожара, разумееш: не такая ўжо і далёкая тая вайна, а забываць яе наступствы і ўрокі нельга, нават злачынна, у якую б глыбокую гістарычную багну бяспамяцтва яны ні хаваліся.

Для нашага героя вайна пранікла ў яго душу, пакінуўшы там балючую, незагойную рану. Таму для нас жыццё гэтага чалавека з’яўляецца ўрокам сапраўднай мужнасці, як і прыкладам няўрымслівасці і актыўнасці, доўгажыхарства і бадзёрасці духу. Іван Іванавіч не звяртае асаблівай увагі на свой узрост і, калі нехта пытаецца ў яго пра здароўе, бадзёра адказвае: «Сапраўдны ўзрост чалавека вызначаюць не пашпартныя даныя, а стан яго душы. А душа ў мяне маладая, актыўная!» І мы спадзяёмся, што яшчэ доўгі час будзем радавацца за свайго земляка, бо, жывучы пад мірным небам свабоднай і незалежнай Беларусі, павінны даражыць памяццю пра ўсіх, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ больш паважаць і берагчы тых, хто жывы. Нам важна разумець, што праз некалькі гадоў сярод нас не застанецца ветэранаў вайны, але памяць пра іх трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне, а іх жыццё павінна быць вартым самай шчырай павагі на доўгія стагоддзі, навечна! ■

Уладзімір МАЖЫЛОЎСКІ, загадчык аддзялення кругласутачнага знаходжання ТЦСАН