«Пішам гісторыю разам»: Генадзь Швец і яго лёс на старонках раённай газеты

Люди
Чарговы герой нашага праекта Генадзь Рыгоравіч Швец прыехаў на Браслаўшчыну ў 1974 годзе, таму артыкулы пра яго ў газеце «Браслаўская звязда» з’явіліся прыкладна ў гэты ж час. Галоўны санурач раёна шмат разоў і сам друкаваў у раёнцы інфармацыю па прафілактыцы захворванняў, фарміраванні здаровага ладу жыцця і нават простыя жыццёвыя гісторыі.

З ранняй біяграфіі

Родам наш герой з гарадскога пасёлка Капыль Мінскай вобласці. Сваё дзяцінства ён правёў менавіта там. У сям’і Генадзя было шасцёра дзяцей. Маці працавала на пошце, а бацька быў настаўнікам, потым – намеснікам рэдактара раённай газеты.

Генадзь – старэйшы сын і, нарадзіўшыся пасля заканчэння вайны (у 1948 годзе), разам з сям’ёй перажыў цяжкія галодныя гады. Сёння ён успамінае, што жылі тады дастаткова бедна, хлопец нават у першы клас ішоў без партфеля. Каб дапамагчы бацькам, разам са сваімі равеснікамі ён, пачынаючы з 2 класа, працаваў на агародніннай базе, а калі падрос, быў памочнікам камбайнера. Дарэчы, Г. Швец у школе вучыўся добра, ён быў адным з найбольш актыўных піянераў, а потым і камсамольцаў. Пасля школы юнак спрабаваў паступіць у політэхнічны інстытут, але не прайшоў па конкурсе. Таму падаўся працаваць і ўладкаваўся ў мясцовы райаграсэрвіс слесарам па рамонце камбайнаў. Праз два гады яму ўсё ж такі пашанцавала стаць студэнтам Усесаюзнага завочнага інстытута ў Маскве. Ён удала сумяшчаў работу з вучобай. Да таго ж з’яўляўся сакратаром камсамольскай арганізацыі і іграў у эстрадным ансамблі.

Каханне перавярнула жыццё

Пра лёс Генадзя Швяца «Браслаўская звязда» пісала ў № 19 за 2011 год. У інтэрв’ю «Каханне – моцная сіла» ён успамінае, як, нягледзячы ні на што, пачуцці маладога хлопца перавярнулі яго жыццё. …


– І вось аднойчы нечакана ў бальніцу трапіў сябар з ансамбля. Мы з таварышамі пайшлі яго праведаць. А ён нам паведаміў, што ў бальніцы на практыцы цудоўныя і прыгожыя дзяўчаты. Вядома ж, захацелася пазнаёміцца. Першае знаёмства з Галінай перарасло ў сапраўднае пачуццё. Дзяўчына збіралася пасля практыкі паступаць у медыцынскі інстытут. А мне з ёй так не хацелася расставацца, бо ўлюбіўся, як кажуць, па вушы. Маладосць і гатоўнасць да перамен узялі верх над усім. Я тут жа напісаў заяву, каб мяне адлічылі з інстытута ў Маскве, і паехаў разам з Галінай паступаць у медыцынскі, што ў Мінску. Выбраў санітарна-гігіенічны факультэт. Паступіў. На першым курсе мы з маёй каханай ажаніліся, а ўжо на другім у нас нарадзіўся першынец…


Дарэчы, менавіта ў гады вучобы ў медінстытуце пра Г. Швяца ўпершыню напісалі ў газеце. Гэта быў «Савецкі медык» – інстытуцкае выданне. Той нумар і сёння беражліва захоўваецца ў сямейным архіве. А надрукавана ў ім падзяка ад матулі, сына якой ад смерці выратаваў тады яшчэ трэцякурснік Генадзь Швец.

Жыць і працаваць на Браслаўшчыне – лёс і радасць

Браслаўшчына – яшчэ адна любоў Г. Швяца. З першага погляду і на ўсё жыццё. Пасля заканчэння інстытута ў 1974 годзе малады спецыяліст прыехаў працаваць у Браслаў. Яго адразу ўзялі на пасаду намесніка начальніка райсанэпідстанцыі, а жонку – лабарантам у лабараторыю гэтай жа арганізацыі. Ужо праз год Генадзь Рыгоравіч стаў яе кіраўніком. Сёння ён успамінае, як упершыню ўбачыў Браслаў і быў зачараваны яго краявідамі. Чыстае паветра, азёры, лясы ды шчырыя людзі – усё гэта ўразіла мужчыну, і вось ужо 50 год ён улюбёны ў гэтыя цудоўныя мясціны. І праз столькі год, улічваючы яго асабістыя і працоўныя заслугі, можа па праве звацца браслаўчанінам. Дарэчы, у Генадзя Рыгоравіча было і сёння існуе шмат шансаў змяніць месца жыхарства, нават на іншую краіну, але ён, як сапраўдны патрыёт, жыве ў любімай Беларусі.

Працоўны шлях малады і амбіцыёзны галоўны санітарны ўрач раёна пачаў з будаўніцтва новага будынка санстанцыі. І літаральна за 3 гады пры вострым дэфіцыце сродкаў, будматэрыялаў, адсутнасці падрадчыкаў метадам народнай будоўлі ўзвёў сучасны будынак установы, гаражы для тэхнікі і 5 кватэр для супрацоўнікаў.

Дарэчы, у хуткім часе, 1 снежня 2024 года, споўніцца 45 гадоў з дня ўводу ў эксплуатацыю новага будынка Браслаўскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У 2004 годзе раённая газета не ўпусціла юбілейную дату і надрукавала артыкул «Знамянальная падзея», у якім Генадзь Швец успомніў пра будаўніцтва і яшчэ раз падзякаваў тым, хто асабліва дапамагаў у той складаны час.

Увогуле, Генадзь Рыгоравіч удала арганізаваў работу калектыву РЦГіЭ, які пастаянна забяспечваў стабільны санітарна-эпідэміялагічны стан у раёне, вёў наступальную прафілактычную работу, актыўна займаўся санітарна-гігіенічнай асветай і рэгулярна станавіўся лепшым па пералічаных напрамках у вобласці.

На свае вочы бачыў бяду Чарнобыля

Асобным радком у біяграфіі Г. Швяца, як і многіх яго калег, стаў Чарнобыль. З першых жа дзён пасля аварыі супрацоўнікі райсанэпідэмстанцыі ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў выбуху на АЭС. Начальнік раённай арганізацыі разам з жонкай-лабарантам таксама былі ў эпіцэнтры падзей. У верасні 1986 года яны папрасілі прыглядзець за іх малалетнімі дзецьмі сваіх сяброў і адправіліся на выкананне задання ў Брагінскі раён. Дарэчы, успамінамі пра работу ў Чарнобыльскай зоне Генадзь Рыгоравіч дзяліўся з чытачамі раёнкі яшчэ ў сакавіку 2004 года ў артыкуле «Чарнобыльскі след на душы».


… Сам я ўзначальваў аператыўную групу ў складзе пяці чалавек… У нашы абавязкі ўваходзіла работа па адборы ў населеных пунктах Брагінскага раёна проб прадуктаў харчавання, вады, гатовай прадукцыі для лабараторных даследаванняў на радыяметрычных прыборах, выдача іх вынікаў і рэкамендацый. Мы таксама вялі нагляд за дзіцячымі садкамі, школамі, аб’ектамі грамадскага харчавання, гандлю…

… Цяжка перадаць словамі ўсё тое, што давялося ўбачыць і перажыць…


Яго індывідуальнасць

Наогул, калі казаць пра асобу Генадзя Швяца, на розум адразу ж прыходзяць эпітэты: элегантны, інтэлігентны, дыпламатычны, прынцыповы, з вялікім лексічным запасам і тонкім гумарам. У 2008 годзе ў артыкуле «Браслаўскай звязды» «Яго прафесійнае крэда» аўтар піша:


…Настойлівасці ж і разам з тым тактоўнасці Г. Швяцу пазычаць не трэба. І хоць без канфліктаў, нават на самым высокім узроўні, не абыходзілася, але ніхто з былых кіраўнікоў не скажа, што галоўны санурач патрабаваў нешта неажыццявімае, прымаў несправядлівыя рашэнні, караў беспадстаўна, не прапаноўваў прымальнага выйсця са складанай сітуацыі.


Нельга не заўважыць і высокі інтэлект Г. Швяца: у любой размове ён удала зацікаўлівае субяседніка, часта цытуе класікаў і ўрыўкі з работ Леніна і Карла Маркса, цудоўна размаўляе на беларускай мове. Гэтыя навыкі яму спатрэбіліся як па жыцці ўвогуле, так і пры рабоце прапагандыстам. Дарэчы, у раёнцы ў 1989 годзе пад рубрыкай «Байцы ідэалагічнага фронту» размешчаны фотаздымак Г. Швяца з подпісам: «Прапагандыст палітычнай школы, галоўны санітарны ўрач раёна».

Генадзь Швец цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але і сёння ён праводзіць свае дні актыўна. Па-першае, з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі медыкаў раёна. Па-другое, займаецца домам, дачай, прысядзібным участкам, любіць зімовую рыбалку, сустракаецца з суседзямі і сябрамі, з нецярпеннем чакае ў госці і з радасцю прымае разам з жонкай у сваім доме любімых дзяцей і ўнучак. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ