Аляксандр Лукашэнка аб аднаўленні адносін з Літвой і Польшчай

Год мира и созидания
Адносіны Беларусі з суседнімі Літвой і Польшчай, несумненна, будуць адноўлены ў будучыні. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву і будаўнікамі Беларускай АЭС, жыхарамі Астраўца.

Адно з пытанняў тычылася аднаўлення адносін Беларусі з суседнімі дзяржавамі, асабліва ва ўмовах, калі ў адной з гэтых краін выбары прайшлі нядаўна, а ў другой адбудуцца хутка. Ці змогуць выбаршчыкі ў Літве прымусіць сваю ўладу працаваць у інтарэсах сваёй дзяржавы, а не скакаць пад дудку Вашынгтона або Бруселя, пацікавіліся ў Прэзідэнта.

«Я ў гэтым абсалютна не сумняваюся. І Літва – мы адновім стасункі, і Польшча – яны нікуды не падзенуцца. Асноўны прынцып – суседзі не могуць жыць дрэнна. Я заўсёды кажу: суседзі ад Бога, іх не выбіраюць, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Бываюць рознагалоссі, сваркі і гэтак далей – гэта ўжо мінулае. Прыйдзе час, калі мы будзем жыць з імі так, як гэта было заўсёды…».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сітуацыі, якая склалася паміж краінамі, Беларусь не вінаватая, хоць з боку Літвы, напрыклад, гучалі рознага роду прэтэнзіі і незадаволенасць, у прыватнасці, будаўніцтвам Беларускай АЭС. Кіраўнік нашай дзяржавы нагадаў, што Беларусь і тады, і цяпер выказвала гатоўнасць прымаць на працу на АЭС спецыялістаў з Літвы, пастаўляць туды электраэнергію. «Я па-чалавечы ім прапаноўваў. Але вы маеце рацыю, там жа не яны кіруюць краінай», – заўважыў Прэзідэнт.

Цяпер з боку суседзяў гучаць прэтэнзіі наконт мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС праз нашу тэрыторыю. З гэтай нагоды Аляксандр Лукашэнка заяўляў раней і паўтарыў цяпер: Беларусь не мае намеру ўтрымліваць у сябе мігрантаў, якія накіроўваюцца ў ЕС, і не стане адстойнікам у Еўропе. Тым больш у сітуацыі, калі самі ж краіны ЕС разарвалі адносіны з Беларуссю, у тым ліку па міграцыйнай тэматыцы, увялі санкцыі.

Тым не менш Аляксандр Лукашэнка перакананы, што рана ці позна суседнія краіны адновяць адносіны: «Пачакаем. У нас катастрофы няма. Я не кажу, што ў нас шыкоўнае жыццё, але, калі ты хочаш зарабіць крыху больш для сям’і, ты зможаш».

Па словах Прэзідэнта, многае залежыць і ад паводзін жыхароў прыгранічных рэгіёнаў: «Падтрымлівайце адносіны з літоўцамі, палякамі, з імі не трэба сварыцца. Мы адзін народ фактычна». ■