Дзень беларускага пісьменства-2023: гісторыя і праграма свята

Отдых
Адной з найважнейшых падзей у культурным жыцці рэспублікі з’яўляецца Дзень беларускага пісьменства, які традыцыйна адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Сёлета свята, скіраванае на беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны краіны, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, падтрымку літаратуры і кнігавыдання, пройдзе 2 і 3 верасня на Віцебшчыне і стане юбілейным – трыццатым.
Гісторыя свята

Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ў Беларусі з 1994 года. Мерапрыемства традыцыйна праводзіцца ў беларускіх гарадах – вядомых цэнтрах культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню ўрачыстасці праходзілі ў старажытным Полацку, дарэчы, ён прымаў свята двойчы. Сталіцамі свята станавіліся таксама такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск і г. д. З цягам часу Дзень беларускага пісьменства набыў агульнанацыянальны статус.

Гасцей чакае Гарадок

У 2023 годзе ўрачыстасці пройдуць у самым паўночным рэгіёне нашай краіны. Як зазначыў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, «сімвалічна, што гэты юбілей святкуецца на віцебскай зямлі, бо яна дала асноўны імпульс развіццю беларускага кнігавыдання. Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі – яны ўсе выхадцы зямлі віцебскай».

Сталіцай Дня беларускага пісьменства гэтым разам стане раённы цэнтр Гарадок – радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе». Горад актыўна рыхтуецца да прыёму гасцей: абнаўляюцца будынкі, вуліцы папаўняюцца новымі аб’ектамі, а рамеснікі майструюць творчыя сюрпрызы.

Насычаная праграма

За час правядзення свята набыло свае традыцыі, якія датычацца ў тым ліку тэматыкі мерапрыемстваў. Так, у рамках Дня беларускага пісьменства адбудзецца Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», міжнародны круглы стол з удзелам замежных літаратараў, фінал Рэспубліканскага конкурсу юных чытачоў «Жывая класіка», цырымонія ўручэння «Нацыянальнай літаратурнай прэміі» і г. д. Таксама ўдзельнікі і госці змогуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, тэматычнымі выставамі гарадоў, у якіх раней праходзілі ўрачыстасці, экспазіцыямі музеяў і бібліятэк, майстроў народнай творчасці і мастакоў, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Завершыць свята перадача эстафеты гораду – сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2024 годзе. ■

Жанна БЯЛЬКО