Работа з асалодай. Браслаўчанка больш за 35 гадоў працуе ў «Маяку»

Люди
Галіна Папакуль з дзяцінства добра ведала цяжкую сялянску працу, бо вырасла ў вёсцы ў шматдзетнай сям’і, дзе маці цэлымі днямі шчыравала на ферме, а бацька быў рознарабочым у калгасе.

– Я самая малодшая з 8 дзяцей, але добра памятаю, як мы дапамагалі бацькам па гаспадарцы і ў агародзе. Падлеткі тады ўмелі ўсё: і карову даіць, і сена зграбаць, і печ цепліць, і ежу гатаваць, – расказвае Г. Папакуль. – Як падрасталі, ішлі працаваць у мясцовую гаспадарку «Маяк Браслаўскі». Я, напрыклад, не магла дачакацца, калі скончу школу і, як мама, буду на ферме завіхацца каля жывёлы. Так і здарылася: пасля васьмі класаў мяне ўзялі працаваць на цялятнік, а дзесьці праз паўгода прапанавалі перайсці на свінакомплекс. Кожны дзень з радасцю бегла да сваіх маленькіх парсючкоў, даглядала іх, песціла. Прайшло ўжо 37 гадоў з таго часу, а я месца работы больш не мяняла.

Праца ў свінагадоўлі мне спадабалася з першага дня, і сёння люблю яе. Напэўна, таму, што з асаблівай цеплынёй адношуся да жывёлы. Калі хто чужы гляне на групу ў 2 тысячы галоў, магчыма, падумае, што ўсе свінні падобныя, але гэта не так. Парсючкі як людзі: кожны са сваім характарам, некаторыя з іх ад нараджэння адораны незвычайна прыгожай знешнасцю. Яны таксама патрабуюць ад мяне пяшчоты: аднаму бачок пачашы, другому за вушкам пачухай.

Калі Галіна расказвае пра сваіх гадаванцаў, на яе твары з’яўляецца ўсмешка, і разумееш, што на самай справе ёй падабаецца тое, чым яна займаецца. Пра гэта кажуць і яе працоўныя дасягненні. Г. Папакуль амаль не дапускае на вытворчасці гібелі маладняку, заўсёды ўважліва сочыць за станам кожнага парсючка, увогуле з адказнасцю выконвае сваю работу.

Таксама даглядчыца расказала, што на працу ходзіць з задавальненнем, яшчэ і таму, што адчувае аддачу: па-першае, добры заробак (за высокія прывагі і захаванасць пагалоўя прэміруюць), па-другое, у работнікаў гаспадаркі ёсць магчымасць кожны месяц набываць мясцовую мясную прадукцыю са скідкай 50 %, што дазваляе добра сэканоміць. А па-трэцяе, Галіне падабаецца зладжаны калектыў, які робіць адну справу разам і дзе ўсе зацікаўлены ў выніку.

Пасля работы Галіна Папакуль спяшаецца ў храм: у касцёле яна спявае ў хоры. Менавіта тут жанчына знайшла для сябе яшчэ адно месца, дзе адпачывае душой. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ