Непарыўна звязана з прадпрыемствам. Любоў Кульпа – «Лепшая па прафесіі»

Люди
Любоў Кульпа, напэўна, адна з тых супрацоўніц вытворчага філіяла «Браслаўрыбы» Глыбоцкага МКК, у якой найвялікшы працоўны стаж на прадпрыемстве – звыш 25 гадоў. Больш за тое, яна не змагла развітацца з працай і вось ужо 6 год працуе на пенсіі.

Побач з жанчынай над вытворчасцю браслаўскіх кансерваў шчыруюць яе сын і нявестка. Такая вось сямейная дынастыя атрымліваецца, а такога магло б і не быць, каб некалі сяброўка не паклікала яе разам з сабой на Браслаўшчыну. Так ураджэнка Шаркаўшчынскага раёна стала нашай зямлячкай.

Напачатку Любоў Кульпа працавала на льнозаводзе, праз некаторы час уладкавалася на «Браслаўрыбу», дакладней, у сушыльны цэх, пасля рэарганізацыі прадпрыемства стала апрацоўшчыцай рыбы і морапрадуктаў. «Работа не з лёгкіх. Тым не менш проста імкнуся старанна выконваць свае абавязкі», – кажа жанчына.

Працуе Л. Кульпа пазменна па 8 гадзін. Каб на канвееры не спыняўся рабочы тэмп, не было прамаруджвання, неабходна рабіць усё не толькі хутка, але і якасна.

У Любові атрымліваецца быць у лідарах: сказваецца вялікі вопыт. У дадатак брыгада зладжаная, усе зацікаўлены ў выніку. Сама ж жанчына можа і параду даць, і навучыць навічка.

За нястомнай працай жанчына змагла адбыцца і як маці: у яе чацвёра дзяцей і трое ўнукаў.

«Нечакана стаць лепшай па прафесіі. За часы працы ў мяне ні разу не было такой высокай узнагароды. Я крыху хвалююся, аднак вельмі прыемна, што маю працу так высока ацанілі», – сціпла кажа Любоў Кульпа. ■

Алена НАБЕЕВА