«Каралева бензакалонкі». Пачытайце пра браслаўчанку, якая больш за 25 гадоў працуе запраўшчыцай

Люди
Калі ў сельгаспрадпрыемстве «Друйскі» ля заправачнай калонкі ўбачыла жвавую, усмешлівую жанчыну, якая хутка рабіла сваю справу і з нейкай лёгкай непасрэднасцю размаўляла з вадзіцелямі, што пад’язджалі для запраўкі, адразу ўспомніўся савецкі фільм «Каралева бензакалонкі» і яго галоўная гераіня.

Валянціна Плоская ўжо 25 гадоў працуе ў гаспадарцы, дзе выконвае абавязкі запраўшчыцы, дыспетчара і загадчыцы склада аўтазапчастак. Здавалася б, што ўсе гэтыя пасады больш падыходзяць прадстаўнікам моцнай паловы чалавецтва, бо як-ніяк звязаны з тэхнікай, аднак Валянціна спраўляецца са службовымі абавязкамі не горш. Яна за кароткі тэрмін навучылася адрозніваць дэталі і цяпер з лёгкасцю з мноства запчастак знаходзіць патрэбную.

Кожны свой рабочы дзень дыспетчар пачынае са збору інфармацыі і складання выніковых табліц, робіць замеры ў бензабаках, выдае пуцявыя лісты. Потым жанчына ідзе на заправачны пункт, там апранае спяцоўкі і бярэ ў рукі даволі цяжкі шланг. У кожны бак трактара, камбайна ці грузавога аўто ўмела налівае патрэбную колькасць дызельнага паліва, іншыя аўтамабілі запраўляе з другой калонкі бензінам. Пасля зноў садзіцца за дакументы: складае табліцы, падлічвае расход паліва, наезджаны вадзіцелямі кіламетраж. Дарэчы, яе матуля калісьці таксама працавала на гэтым жа месцы.

Тым часам Валянціна пастаянна трымае перад вачыма тэлефон, бо іншым часам ён звоніць амаль без перапынку. Жанчына прымае заяўкі, напрыклад, ад механізатараў, тэхніка ў якіх спынілася прама на полі, або ад электрыка. Яны просяць перадаць ім тую ці іншую запчастку. Пакуль інжынер едзе да загадчыцы на склад, яна ўжо падбірае патрэбныя дэталі, рэмкамплекты або неабходныя вадкасці. Як жартуе В. Плоская, яна ўжо змагла б працаваць у магазіне аўтазапчастак. У загадчыцы склада таксама шмат работы з дакументацыяй.

Увогуле В. Плоская – вельмі актыўная жанчына, яна спраўляецца з многімі задачамі: акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, паспявае і парадак у дыспетчарскай навесці, і кветкі пасадзіць. Валянціна расказвае, што лёгка ладзіць з калегамі (амаль усе яны мужчыны): з імі можна пажартаваць або паразмаўляць на сур’ёзныя тэмы, калі трэба – спытаць параду, папрасіць дапамогі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ