«Зарніцы-2022». Што чакае наведвальнікаў свята

Отдых
Міжнароднае свята традыцыйнай культуры адбудзецца ўжо ў гэтыя выхадныя – 4 і 5 чэрвеня. Што чакае яго наведвальнікаў?

Двухдзённая праграма творчага форуму будзе насычана цікавымі традыцыйнымі і сучаснымі мерапрыемствамі.

У суботу ў 12.30 у РЦК пачнецца юнацкі конкурс «Браслаўская харавая асамблея», які працягнецца песенным спаборніцтвам сярод дарослых хароў у 14.00 у лесапарку «Леснічоўка».

Калона творчых калектываў адправіцца з гарадской плошчы падчас традыцыйнага шэсця ў 17.00, а ў 17.30 у лесапарку «Леснічоўка» адбудзецца ўрачыстае прывітанне гасцей і гледачоў міжнароднага свята. Там жа ў 19.00 пачнецца канцэрт інструментальнай музыкі «БАЯНБАТLFЭСТ», а ў 22.00 выступіць Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры». На працягу вечара ў «Леснічоўцы» будуць працаваць гандлёвыя рады і забаўляльныя пляцоўкі для дзяцей.

Цікавым абяцае быць і фестываль сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» – са здабычай жывога агню, гульнямі і танцамі ад клубаў гістарычнай рэканструкцыі, ваярскімі баямі. Ён чакае наведвальнікаў у 19.00 на Замкавай гары.

Нядзеля пачнецца з адкрыцця выстаўкі сакральнага тэкстылю з Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якое пройдзе ў 10.00 у выставачнай зале раённага аб’яднання музеяў. У 11.00 у лесапарку «Леснічоўка» адбудзецца прэзентацыя інтэрактыўных зон раённага агляду-конкурсу «Мой горад». Там жа ў 12.00 танцавальныя калектывы сустрэнуцца ў конкурсе народнага танца «Паазерскія тапаткі». У 16.00 гасцей свята чакае заключны гала-канцэрт. На працягу дня ў лесапарку таксама будуць працаваць гандлёвыя кропкі і атракцыёны. ■

Алена НАБЕЕВА