Браслаўчанка Паліна Юхно – старанная дзяўчына з высокім патэнцыялам

Люди
У Паліны Юхно, вучаніцы 9 класа сярэдняй школы № 2, па ўсіх школьных прадметах высокія адзнакі, пераважна 10. Але найбольшую схільнасць яна праяўляе да навук натуральна-матэматычнай накіраванасці – біялогіі і хіміі.

Па словах настаўніцы біялогіі Ірыны Канопліч, Паліна яшчэ ў пятым класе зацікавілася гісторыяй жыцця на зямлі і разнастайнымі жывымі арганізмамі. З гадамі гэта цяга не згасла, і апошні вучэбны год яны вельмі глыбока разглядалі з дзяўчынай складаныя пытанні біялагічнай накіраванасці, якія выходзяць за межы школьнай праграмы. Да таго ж Паліна шмат чытае як навукова-папулярнай, так і мастацкай літаратуры. Яна мае вопыт пераможніцы ў дыстанцыйных алімпіядах, конкурсах разнастайнага характару, з’яўляецца членам школьнага лясніцтва «Лясная акадэмія».

Таму для настаўніцы не сталі нечаканасцю і такія дасягненні, як перамога спакойнай і стараннай дзяўчыны на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, прызавое месца па хіміі, а затым і дыплом трэцяй ступені на абласным этапе па біялогіі.

Сама дзяўчына тлумачыць сваю схільнасць да хіміка-біялагічных навук жаданнем найбольш даведацца, што адбываецца на мікраўзроўнях, з чаго складаюцца разнастайныя жывыя арганізмы, у тым ліку і людзі, як і што ўплывае на іх жыццядзейнасць.

У старэйшых класах Паліна мае намер і надалей пашыраць свой кругагляд у галіне любімых навук, каб у канчатковым выніку стаць запатрабаваным спецыялістам у фармацэўтычнай вытворчасці. ■