Які ўраджай сабралі сёлета Браслаўскія хлебаробы: інтэрв’ю са спецыялістам

Деньги
Уборку збожжавых і зернебабовых культур, акрамя кукурузы, у цэлым па рэспубліцы, а таксама і ў нашым раёне можна лічыць завершанай. Таму прыйшоў час падвесці вынікі хлебаробчага сезона. Пра іх мы і даведаліся ад намесніка начальніка аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарча Наталлі Івановай.
– Наталля Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, у якіх умовах сёлета давялося працаваць нашым хлебаробам і з чым яны прыйшлі да жніва.

– Пачну, напэўна, з таго, што мы жывём і працуем у зоне рызыкоўнага земляробства, і гэта пацвердзілася на практыцы чарговы раз. Год быў вельмі складаным для хлебаробаў Браслаўшчыны. Надвор’е з самага пачатку вясны стала выпрабоўваць аграрыяў: нізкія тэмпературы і праліўныя дажджы да апошніх дзён мая не давалі надзеі на высокі будучы ўраджай. Пасля таго, як усе гаспадаркі пасеялі яравыя, агульны клін збожжавых і зернебабовых культур стаў складаць 14 110 га. Пазней свае карэктывы ўнесла летняя спякота. Справа ў тым, што пад уздзеяннем высокай тэмпературы замарудзіўся рост сцябла, каласы сфарміраваліся вельмі нізка над зямлёй, адбылося выкалашванне. Частка пасеваў наогул загінула. Да ўборачнай кампаніі прыйшлося спісаць або перавесці ў кармавую аднагадовую групу амаль 2 тысячы гектараў. Дарэчы, каля 80 % з іх – яравыя культуры. Таму большы ўраджай атрымалі тыя гаспадаркі, якія першапачаткова рабілі стаўку на азімыя.

– Зразумела. Прырода сёлета не была на баку хлебаробаў, але ж яны не апускалі рукі, а да апошняга коласа вялі барацьбу за ўраджай. Як праводзілася сёлетняя збожжаўборачная кампанія?

– Само жніво сёлета праходзіла ў штатным рэжыме. У час уборкі ўраджаю ў гаспадарках не стаяла востра пытанне з палівам, а кадравыя праблемы былі вырашаны загадзя. Безумоўна, не абышлося без форс-мажорных сітуацый з тэхнікай, якая час ад часу падводзіла хлебаробаў, але і гэта кіраўніцтва гаспадарак старалася вырашаць аператыўна. Часта суседнія сельгаспрадпрыемствы, якія своечасова спраўляліся з шэрагам работ, дапамагалі іншым. Напрыклад, Відзаўскі каледж, як закончыў жніво на сваіх землях, адправіў камбайны ў «Мяжаны». «Аграсэрвіс» пры мінімальным наборы тэхнікі выручаў на ўборцы «Слабодку-агра». Усім гаспадаркам, у якіх меліся праблемы з сушкай ураджаю, дапамагалі зернесушыльныя комплексы «Маяка Браслаўскага». Такім чынам у сельгаскааператыве дадаткова перасушылі амаль тысячу тон збожжа.

– Скажыце, з якім жа вынікам браслаўчане сустракаюць сёлета «Дажынкі»?

– У першай дэкадзе верасня гаспадаркі раёна поўнасцю завяршылі жніво. Разам яны ўбралі 12 174 га, намалацілі 21 790 тон збожжа. Асноўны намалот, як, дарэчы, і заўсёды, атрымаўся з азімых культур. Іх валавая вага сёлета ў 2 разы перавысіла вал яравых. Нядрэнна паказала сябе пасеянае восенню жыта: яго сярэдняя ўраджайнасць па раёне склала 20 цэнтнераў з гектара. З яравых культур практычна ні адна гаспадарка не ўзяла больш за 15 ц/га.

– Гледзячы на лічбы статыстыкі, міжволі заўважаеш, што нават лідары сельскагаспадарчай вытворчасці раёна не змаглі справіцца з сёлетнімі цяжкасцямі.

– Сапраўды, чарговы раз прааналізаваўшы падрыхтоўку і ход уборачнай кампаніі, падвёўшы яе вынікі, разумеем, што далёка не ўсё залежыць ад нашых старанняў. Пацверджаннем маіх слоў з’яўляецца «Маяк Браслаўскі», у якім былі вытрыманы ўсе агратэхнічныя нормы на сяўбе, у глебу ўносіліся мінеральныя ўгнаенні, у тэрмін праводзілі хімпраполкі. Своечасова тут пачалі і жніво, якое, дарэчы, таксама ўмясцілі ў кароткі тэрмін. Але, нягледзячы на гэтыя старанні, жаданага выніку не атрымалі.

У любым выпадку хочацца сказаць словы ўдзячнасці кожнаму работніку, які так ці інакш унёс свой уклад у агульны каравай. ■

 Вольга ПАТАПОВІЧ