Рамонт маста і будаўніцтва глядзельнай пляцоўкі над ракой. Расказваем, як Друя рыхтуецца да юбілею

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Аграгарадок Друя грунтоўна рыхтуецца да свайго 635-годдзя. У сакавіку сельскі Савет дэпутатаў зацвердзіў цэлы комплекс мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на землях сельсавета. Гэты план цяпер рэалізаваны больш як напалавіну.

Дапамогу ў падрыхтоўцы да юбілейнай даты аказала раённая ўлада, якая выдаткавала 100 тысяч рублёў на правядзенне работ па добраўпарадкаванні. На дадзены момант, па словах кіраўніка сельвыканкама Міхаіла Бакевіча, гэтыя сродкі асвоены ў поўным аб’ёме.

Работнікі ДРБУ-142 выканалі шмат работ па ўдасканаленні вулічнай інфраструктуры аграгарадка. Так, ачысцілі ад заглейвання звыш кіламетра прыдарожнага кювета, па вул. Лугавой паклалі водаадліўную трубу, выканалі каля 100 метраў падсыпкі і заасфальтавалі з’езд на гэту вуліцу з вул. Леніна. Таксама акультураны з’езды па вул. Вакзальнай, Крупскай, Паўночнай, Зялёнай, да ўваходу на могілкі. Цалкам заасфальтавана вул. Азёрная і двор шматкватэрнага дома з заменай бардзюраў.

Цяпер рабочыя філіяла ўкладваюць бардзюры каля касцёла і пажарнага паста пад тратуар і з’езды. Побач павінен з’явіцца таксама аўтобусны павільён. Дадзеныя віды работ – гэта падарунак аграгарадку ад абласнога дарожнага ўпраўлення.

Пашчыравалі ў грамадскіх месцах Друі прадстаўнікі «Браслаў-камунальніка». У парку яны паклалі каля 100 м² пліткі, абардзюрылі, спілавалі каля 20 аварыйных дрэў, прыбралі пні, пафарбавалі агароджу тут і па вул. Леніна. Таксама зрабілі габіён у выглядзе зоркі Давіда для ўладкавання ўваходу на яўрэйскія могілкі.

Шмат у якіх месцах сельвыканкам правёў у вясновы спрыяльны перыяд азеляненне. На набыццё саджанцаў з мэтавых сродкаў, прызначаных для кампенсацыйных пасадак, выдаткавана 20 тысяч рублёў, 11 тыс. з іх зрасходаваны вясной на набыццё саджанцаў грэцкіх і манчжурскіх арэхаў, туі, гартэнзіі, гліцыніі, магноліі, сакуры. Зялёныя насаджэнні добра ўкараніліся ў зямлю і набіраюць моц у раёне цэнтральнай плошчы, на ўездзе ў Друю з боку Міёр, каля СДК, сельвыканкама, у парку і г. д. Астатак сродкаў, прызначаных для азелянення, плануюць выкарыстаць восенню.

Старшыня сельвыканкама разлічвае, што сёлета яшчэ рэалізуюцца такія мерапрыемствы, як фарбаванне жалезнага маста праз Дзвіну, будаўніцтва агляднай пляцоўкі ў парку на беразе ракі, знос лядашчага гаспадарчага будынка аддзела па адукацыі. Праект на пакрыццё маста свежай фарбай ужо заказаны. «Для ўзвядзення пляцоўкі над ракой ёсць метал, – кажа Міхаіл Бакевіч. – Думаю, сёлета каркас абавязкова зварым, а закончым пляцоўку, відаць, у наступным годзе». Што тычыцца старой будыніны, то аддзел па адукацыі мае намер яе знесці і перадаць зямлю сельвыканкаму. На свабодным участку мясцовая ўлада плануе будаўніцтва прадуктовага магазіна. «Ён тут патрэбны», – лічыць М. Бакевіч.

Ад імя друян старшыня сельвыканкама выказвае ўдзячнасць супрацоўнікам дарожнага ўпраўлення, камунальнай службы, электрычных сетак, электрасувязі, ПМК і, безумоўна, раённай уладзе за дапамогу ў навядзенні парадку на друеўскай зямлі. ■

Казімір ПЯТУШКА