Працавалі ўсе выхадныя. Як на Браслаўшчыне ліквідоўвалі наступствы моцнага снегападу

Строительство. ЖКХ. Благоустройство

Зіма ўрэшце ўспомніла, што павінна наведваць нашы шыроты са снегам, і напярэдадні Новага года прыкрыла чорную зямлю бялюткім покрывам. Але не ўсе радаваліся густому снегападу, кідалі сняжкі і качалі камы для лепкі баб з маркоўным носам. Шэраг арганізацый сустракалі навагодняе свята ў напружаным працоўным рытме.

Ужо 29 снежня ў 8 гадзін вечара першая рамонтная брыгада Браслаўскага РЭС накіравалася з дызель-генератарам у Аршанскі раён на дапамогу сваім калегам. Справа ў тым, што там пры мінусавай тэмпературы паветра з раніцы пайшоў дождж. К вечару ледзяная корка вырасла да 2 см. Такога цяжару не вытрымлівалі паветраныя лініі электраперадачы і дрэвы, у выніку чаго адключылася шмат ЛЭП напружаннем 10 кВ.

У 3 гадзіны раніцы ў гэтым жа накірунку дадаткова выехалі дзве брыгады, 31 снежня – яшчэ адна. На ліквідацыі аварыі прыроднага характару кругласутачна завіхаўся на Аршаншчыне 21 браслаўскі энергетык, і апошняя іх група вярнулася дадому толькі другога студзеня.

Але адпачыць ім не ўдалося, бо на Браслаўшчыне прайшоў густы навагодні снегапад з наліпаннем мокрага снегу на правады ЛЭП і дрэвы. Між іншым, па тэрыторыі раёна аж 178 кіламетраў паветраных ліній праходзяць праз лясныя прасекі. Дрэвы не вытрымлівалі такі цяжар, нахіляліся над правадамі, ламаліся, і пачаліся масавыя адключэнні электрычнасці. Асабліва пацярпелі лініі ў раёне вакол вёсак Замошша і Быстрамаўцы.

Пік пашкоджанняў выпаў на ноч 1 – 2 студзеня, калі на аднаўленчых работах ПЛ да 10 гадзін вечара працавала 6 брыгад. Амаль у такім жа напружаным рытме шчыравалі браслаўскія энергетыкі ў небяспечных умовах і ў наступныя суткі. Першая задача – знайсці месца пашкоджання. Для гэтага трэба прайсці з абсталяваннем уздоўж ПЛ праз лясны масіў, няўдобіцы і балоты часам да 5 км. Аднаўляць падачу электрычнасці таксама рызыкоўна: у любы момант нахіленае дрэва можа ўпасці, зламацца і зачапіць працуючых побач людзей. Таму энергетыкі рэдка просяць дапамагчы спілаваць дрэвы, якія з-за ўмоў надвор’я пагражаюць пашкодзіць правады і апоры, работнікаў з іншых арганізацый, бо сваіх спецыяльна рыхтуюць працаваць у небяспечных умовах. Цяжка нават уявіць, як яны спраўляюцца з такімі задачамі ў начны час.

Не адпачывалі ў навагоднюю ноч і дарожнікі: расчышчалі праезды ад снегу і там-сям утвораных снегападам завалаў. Дапамагалі ім у гэтай справе леснікі, супрацоўнікі РАНС.

Хапіла нечаканай дадатковай работы і камунальнай службе. Дзеля бяспекі дарожнага руху на гарадскіх вуліцах і тратуарах у навагоднія дні штодзённа гучалі рухавікі тэхнікі з адваламі, мяцёлкамі, падсыпкай. Не пакідалі свае рабочыя месцы і 12 чалавек участка добраўпарадкавання. Увогуле за першых 5 дзён новага года з асноўных гарадскіх вуліц было вывезена больш за 50 рэйсаў снегу. ■

 

Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.